Віншуючы дзяцей і педагагічны калектыў
школы-інтэрната са святам, ён адзначыў, што апошнім часам штогод напярэдадні
Новага года прыязджае да дзяцей у Бягомль. "Мне прыемна сюды прыязджаць.
Добра, што гэта традыцыя ў нас захоўваецца ўжо некалькі гадоў. Новы год - гэта
чаканае свята, да якога рыхтуюцца і дарослыя, і дзеці. Вы добра падрыхтаваліся
- ёлка цудоўная, касцюмы яркія, - пахваліў дзяцей старшыня Палаты
прадстаўнікоў. - Жадаю, каб у наступным годзе ў вас усё было добра, каб не
хварэлі, каб побач былі верныя сябры, а па жыцці сустракалася шмат добрых
людзей". Уладзімір Андрэйчанка асабліва падзякаваў педагогам за дабрату
сэрцаў і цярпенне, за любоў і ласку, якую супрацоўнікі школы-інтэрната дораць
дзецям.
Спікер уручыў дзецям куфэркі з ласункамі і
перадаў сертыфікат на трэнажоры (цяпер спартыўная зала школы-інтэрната поўнасцю
ўкамплектавана абсталяваннем). Падарункі ўстанове і яе выхаванцам таксама
ўручылі старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Пінчук, прадстаўнікі
Беларусбанка і іншых шэфскіх арганізацый. Акрамя ласункаў і фруктаў, якіх
школьнікам цяпер хопіць на ўсе святы, сярод падарункаў тэлевізар, фотаапарат,
відэакамера і інш. Дзеці падрыхтавалі для гасцей навагодні паказ і ўручылі сувеніры,
зробленыя сваімі рукамі.
У Бягомльскай школе-інтэрнаце выхоўваецца 105 дзяцей з асаблівасцямі развіцця ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў. Дабрачынная навагодняя акцыя "Нашы дзеці" праходзіць у Беларусі з 9 снежня 2016 года па 8 студзеня 2017 года. Па традыцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, канцэрнаў, банкаў, грамадскіх аб'яднанняў наведваюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем'і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя бальніцы. Удзельнікі акцыі віншуюць дзяцей з Новым годам і Калядамі і ўручаюць ім падарункі.
Алёна Ціханава - БЕЛТА.