Прыёмная выканкама
210010, г.Віцебск, вул.Гогаля, 6
e-mail: oik@vitobl.by
Тэлефон: (+375-212) 48-11-55
Факс: (+375-212) 48-11-56
Віцебскі абласны выканаўчы камітэт
Дзелавое супрацоўніцтва

Аляксандр Лукашэнка: "Славянскі базар у Віцебску" ўмацоўвае мір і паразуменне паміж народамі

14.07.2017 Фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" служыць высакароднай мэце - ўмацаванню міру і ўзаемаразумення паміж народамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 13 ліпеня на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

Удзел у фестывалі прадстаўнікоў з мноства краін сведчыць не толькі аб яго папулярнасці, але і аб узрастаючым аўтарытэце Беларусі ў супольнасці нацый. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што свята мастацтва і дружбы "Славянскі базар" - равеснік суверэннай і незалежнай Беларусі, за гэтыя гады ён стаў сапраўднай жамчужынай міжнароднага фестывальнага руху і візітнай карткай краіны.

"Тут, у старажытным Віцебску, які негалосна прызнаны нашай культурнай сталіцай, за чвэрць стагоддзя пабывалі творчыя дэлегацыі з сямідзесяці дзвюх дзяржаў. І сёння зноў усе сцягі ў госці да нас. Мы сардэчна прымаем удзельнікаў і паклоннікаў фестывалю, якія прыбылі з Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Гэта красамоўна сведчыць не толькі аб яго папулярнасці, але і аб узрастаючым аўтарытэце Беларусі ў супольнасці нацый", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ганаровымі гасцямі фестывалю на гэты раз сталі Прэзідэнт Малдовы, Дзяржаўны сакратар Казахстана, кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў шэрага дзяржаў. "Мастацтва не ведае межаў, яно збліжае народы, родніць душы і сэрцы. Пад летнім віцебскім небам сустракаюцца шматлікія сябры з усіх канцоў зямнога шара. Менавіта дзеля гэтага ўспыхнула і вось ужо больш за чвэрць стагоддзя ззяе зорка "Славянскага базару", які ўвабраў у сябе сардэчнасць, дабрыню і найвялікшую гасціннасць беларусаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Гэта сапраўды знакавая з'ява ў жыцці нашай краіны, нашых славянскіх народаў, у якой выразна адлюстроўваюцца падзеі навейшай гісторыі. Успамінаюцца часы, калі на постсавецкай прасторы разбураліся векавыя ўстоі і людзям было не да мастацтва. Менавіта тады мы пастараліся сабраць разам усе творчыя сілы дзеля агульнай справы - духоўнага адраджэння і прадаўжэння лепшых традыцый, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэту высокую місію ўзяў на сябе наш фестываль. Ён стаў сапраўдным сімвалам яднання мільёнаў людзей добрай волі, таму што служыць высакароднай мэце - ўмацаванню міру і ўзаемаразумення паміж народамі, захаванню культурнай разнастайнасці і падтрымцы талентаў".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што з набыццём шырокай вядомасці кансалідуючая роля віцебскага форуму ўзрасла яшчэ больш. "Ён у поўнай меры садзейнічае канструктыўнаму міждзяржаўнаму дыялогу. Любы замежны госць, які пабываў на нашым фестывалі, вяртаецца ў сваю краіну пасланнікам міру", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што высокі міжнародны статус фестывалю да многага абавязвае Беларусь. "Ён своеасаблівае люстэрка палітыкі нашай краіны ў сацыяльна-гуманітарнай сферы. Таму на ім прадстаўлена такая разнастайнасць форм і жанраў мастацтва. Узровень канцэртаў, выставак і спектакляў, творчых сустрэч нязменна высокі, - канстатаваў беларускі лідар. - Тут заўсёды пануе атмасфера свабоды творчасці і добразычлівасці, гарантавана аб'ектыўнае і непрадузятае судзейства. Кожны канкурсант мае магчымасць праявіць талент, прадэманстраваць асаблівасці культуры свайго роднага краю, свайго народа".

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што і цяперашні фестываль, які праходзіць пад дэвізам "Зоркі над Беларуссю", падорыць шмат адкрыццяў, стане для маладых выканаўцаў выдатнай пуцёўкай у жыццё. "Славянскі базар" славіцца добрымі традыцыямі. Адна з іх - ушаноўваць артыстаў, чые творчасць і грамадская дзейнасць служаць умацаванню дружбы і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі", - заўважыў Прэзідэнт.

У час урачыстага адкрыцця фестывалю Кіраўнік дзяржавы ўручыў спецыяльную ўзнагароду "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" народнай артыстцы Грузіі і Расіі Тамары Гвердцытэлі, а таксама Гран-пры XV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2017" Марыі Магільнай. Узнагароджанне лаўрэатаў і дыпламантаў конкурсу адбылося раней - днём на гала-канцэрце. Аднак уладальніца Гран-пры была ўдастоена гонару прыняць узнагароду з рук Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што ў будучым дзяўчынка даб'ецца тых жа вышынь, што і Тамара Гвердцытэлі.

"Ад душы віншую лаўрэатаў. Калі на такіх падмостках сыходзяцца праслаўленыя куміры і зусім юныя таленты, гэта вельмі кранальна, гэта вельмі сімвалічна. Мы становімся сведкамі пераемнасці яркіх традыцый сцэнічнага майстэрства, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Няхай жа гэта свята заўсёды застаецца эталонам сапраўднай культуры, жыватворнай крыніцай радасці і натхнення".

Афіцыйны Інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.


Версия для печати