Бакі абмеркавалі пытанні
гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, удзяліўшы асаблівую ўвагу магчымасцям
удзелу індыйскіх кампаній у будаўніцтве мультымадальнага
прамыслова-лагістычнага комплексу ў Балбасаве Аршанскага раёна Віцебскай
вобласці. Беларусь, як падкрэслівалася ў час сустрэчы, зацікаўлена ў стварэнні
на яго базе буйнога інвестыцыйнага кластара для прыцягнення прамых замежных
інвестыцый на рэалізацыю праектаў у галіне фармацэўтыкі, машынабудавання,
тэкстыльнай прамысловасці, сельскай гаспадаркі і інш. "На гэтым этапе нам
важна знайсці канкрэтных партнёраў з індыйскага боку для рэалізацыі праектаў у
Балбасаве, і мы гатовы абмяркоўваць магчымыя варыянты кааперацыі", -
сказаў Сяргей Рахманаў. У бліжэйшы час у Савеце Рэспублікі адбудзецца нарада
пад кіраўніцтвам старшыні верхняй палаты Міхаіла Мясніковіча, упаўнаважанага па
супрацоўніцтве з Індыяй. Будуць разгледжаны канкрэтныя ўмовы рэалізацыі
запланаваных у Аршанскім раёне праектаў. "Мы зацікаўлены ў прыцягненні да
іх абмеркавання прадстаўнікоў навуковай і дзелавой супольнасці, не толькі каб
дэталёва распланаваць намечаныя дзеянні, але і эфектыўна выбудаваць агульную
стратэгію развіцця супрацоўніцтва з Індыяй па прыярытэтных напрамках", -
дадаў Сяргей Рахманаў. У час перагавораў абмеркаваны таксама магчымасці
двухбаковага ўзаемадзеяння ў сферы высокіх тэхналогій. "Беларусь мае
паспяховы вопыт у гэтай галіне, і мы маглі б аб'яднаць намаганні, развіваць
партнёрства, у тым ліку па падрыхтоўцы кадраў для ІТ-індустрыі", -
адзначыў старшыня камісіі.