Прыёмная выканкама
210010, г.Віцебск, вул.Гогаля, 6
e-mail: oik@vitobl.by
Тэлефон: (+375-212) 48-11-55
Факс: (+375-212) 48-11-56
Віцебскі абласны выканаўчы камітэт
Дзелавое супрацоўніцтва

Друкарскі двор XVI ст. і больш за 80 імпрэз у гонар Кнігі. Як Полацк прыняў Дзень беларускага пісьменства

04.09.2017 Калыска беларускай дзяржаўнасці – 1155-гадовы Полацк – прыняў 24-ы Дзень беларускага пісьменства. Праз вякі родны горад Францыска Скарыны, “які аправіў мужычую мову ў неўміручы гнуткі пергамент”, сцвярджае важнасць і сучаснае гучанне гуманістычнай дзейнасці славутага свайго сына.

“У Полацак! То наш Ерусалім!”

Трэцяе верасня пачалося Божай літургіяй у Багаяўленскім саборы – блаславеннем мерапрыемстваў галоўнага святочнага дня. Затым з маладняку туй каля храма быў пасаджаны “Сад Малітвы”. Гэта фінальная акцыя Рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Шлях да святыняў” з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга, удзельнікі якой – прадстаўнікі духавенства і творчай інтэлігенцыі краіны.

Маршрут пілігрымкі даўжынёй у 1110 км пралёг праз 11 населеных пунктаў, у тым ліку Варапаева, Порплішча, Докшыцы, Бягомль, Лепель, Ушачы і Полацк Віцебскай вобласці.

У калысцы беларускай дзяржаўнасці да грандыёзнай дзеі спрычыніліся 150 літаратараў, выдаўцы, работнікі кніжнага гандлю, бібліятэкары, майстры мастацтваў і народных рамёстваў, а таксама вытворчыя калектывы, спецыялісты турыстычнай галіны, пошты, прафсаюзны і маладзёжны актыў. Уразіў размах свята – звыш за 80 імпрэз у гонар Кнігі, друкаванага слова, роднай мовы.

Падчас рэспубліканскай грамадска-палітычнай акцыі “Мы – разам!” ушаноўвалі працоўныя дынастыі і перадавікоў працы рэгіёна. Граматы прэзідыума ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ўручаны і нашым калегам – намесніку галоўнага рэдактара аб’яднанай газеты “Полацкі веснік” Алене Каленік, галоўнаму рэдактару раённай газеты “Веснік Глыбоччыны” Андрэю Панкрату.

Маладзёжная сталіца Беларусі – 2017, Полацк запрасіў усіх жадаючых на маладзёжнае свята-фэст “Мы – у тэме!”, прыняў і фінал маштабнага (13 тыс. удзельнікаў) рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, прысвечанага юбілею кнігадрукавання.

Ад Віцебшчыны ў фінале выступілі пяць школьнікаў. Трэцяе месца заваявала вучаніца докшыцкай СШ №2 Віялета Будзько – за выкананне верша Дануты Бічэль “Родная мова”. Лаўрэатка атрымала дыплом за подпісам намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Васілія Жарко, пуцёўку ў лагер “Зубрёнок” і білеты на спектаклі ў Нацыянальныя тэатры імя Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Каля будынка занальнага вузла электрасувязі адбылося ўрачыстае гашэнне маркі і паштовага канверта, прысвечаных Дню беларускага пісьменства ў Полацку.

Эпіцэнтрам свята стаў фестываль кнігі і прэсы побач з помнікам першадрукару. Дзякуючы трывалай дзяржаўнай падтрымцы кнігадрукавання штогод у Беларусі выходзіць у свет больш за 10 тыс. кніг агульным накладам звыш за 35 млн экзэмпляраў.

Самае лепшае з гэтага багацця, выпушчанае за 2016-ы, як і найноўшае з айчыннага друку, можна было бачыць і набыць гэтымі днямі ў Полацку. У павільёне “СМІ Віцебшчыны” чытачы цікавіліся і абласной газетай “Витебские вести”.

Адметнасць фестывалю – “Друкарскі двор XVI стагодзя” з дзеючым рэканструяваным друкарскім начыннем. 

І, вядома ж, чытачы мелі магчымасць сустрэцца са сваімі любімымі аўтарамі. На творчай пляцоўцы “Слова пісьменніка” сярод выступоўцаў з усёй рэспублікі творчым плёнам дзяліліся члены Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэаты літаратурных прэмій Тамара Краснова-Гусачэнка, Алесь Жыгуноў, Мікалай Намеснікаў, Сяргей Трафімаў і іншыя.

Даспадобы прыйшлася літаратурна-музычная праграма “Як на свет радзіўся Янка” – па матывах рок-оперы “Курган”, да стварэння якой спрычыніўся паэт Андрэй Скарынкін, сын вядомага паэта і перакладчыка, ураджэнца Віцебска Уладзіміра Скарынкіна, літаратурна-музычная кампазіцыя “Пісьменнікі – землякам” –падарунак гаспадарам і гасцям свята ад майстроў мастацкага слова і шмат што яшчэ.

“По-ла-цак! Ты радаводны наш бераг”

Пасля Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага на ніве прыгожага пісьменства адзначыліся іх землякі з новых пакаленняў.

Гісторыя друкаванага слова сведчыць, што Полаччына стала калыскай для многіх талентаў – мовазнаўцаў Каятана Касовіча і Браніслава Эпімаха-Шыпілы, гісторыка Міхаіла Балінскага, фалькларыстаў Аляксандра Шлюбскага і Антона Грыневіча, публіцыста Ігната Манькоўскага, драматурга Мікалая Манохіна, пісьменнікаў Вісарыёна Гарбука, Дзмітрыя Кайгародава, Міколы Гваздова, Віктара Гуменюка, Сцяпана і Міколы Сямашкаў.

З Полацка лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, празаік Алесь Савіцкі і адзначаны медалём Францыска Скарыны паэт Навум Гальпяровіч – ганаровыя грамадзяне горада, іх браты па пяру Пётр Лісіцын, Валянцін Лукша, Леанід Прокша, Пятро Васючэнка, публіцыст Сяргей Сахараў і іншыя рупліўцы слова.

Сёння тут жывуць пяць членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, у ліку якіх уладальнікі абласных літаратурных прэмій – ганаровы грамадзянін Полацка Надзея Салодкая і Галіна Загурская. Дзейнічаюць літаратурныя аб’яднанні “Наддзвінне”, “Полоцкая ветвь” і “Крылья”.

Творчае брацтва старажытнага горада кожны год адкрывае мясцовым чытачам новыя імёны, дорыць новыя выданні. Каля знака “Полацк – геаграфічны цэнтр Еўропы” падчас свята пісьменства гучалі вершы сучасных мясцовых аўтараў і песні на іх словы.

Хвала Яе Вялікасці Кнізе!

Як заўжды, кульмінацыя гэтага дня, прызначанага ўшаноўваць набыткі карыфеяў, што шчыравалі на ніве прыгожага пісьменства раней, і адкрываць новыя таленты, – цырымонія ўганаравання пераможцаў чарговага рэспубліканскага конкурсу на лепшыя творы ў розных жанрах літаратурнай творчасці.

 Ён скіраваны на падтрымку нацыянальных талентаў, творчай канкурэнцыі сярод пісьменнікаў, пошук новых мастацкіх ідэй, справы, распачатай Францыскам Скарынай. Палачан і гасцей свята віталі намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Васілій Жарко, міністр інфармацыі Лілія Ананіч і яе намеснік Аляксандр Карлюкевіч, міністр культуры Барыс Святлоў, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.

Сярод 40 прэтэндэнтаў на Нацыянальную літаратурную прэмію за кнігі, выдадзеныя ў 2016 годзе, больш за ўсіх было намінавана паэтаў і аўтараў, якія пішуць для дзяцей. Журы вызначыла лепшых у сямі намінацыях. Лаўрэатамі сталі: празаік Людміла Рублеўская – (раман “Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата”), драматург Васіль Ткачоў (зборнік п’ес “Характары”), публіцыст Зіновій Прыгодзіч (зборнік “Постаці”), паэт Анатоль Аўруцін (кніга выбраных твораў “Просветление”), у намінацыі “Крытыка і літаратуразнаўства” – Валерый Назараў (“Тайнапіс Андрэя Мрыя: падтэкст рэалiй творчасцi пiсьменнiка”). Лепшы твор для дзяцей і юнацтва атрымаўся ў Міхася Пазнякова (кніга “Возера Дзіва”), а лепшы дэбют – у Маргарыты Латышкевіч (зборнік апавяданняў “Яблыкі”).

 

Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узнагароджаны паэт Сяргей Давідовіч. Па традыцыі свята пісьменства іх творы папоўнілі кнігазбор полацкага Музея беларускага кнігадрукавання. А старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук з рук Мікалая Чаргінца атрымаў вышэйшую ўзнагароду СПБ – медаль “За вялікі ўклад у развіццё літаратуры”, як падзяку рэгіёну за ўсебаковае спрыянне лепшым традыцыям дзяржаўнага свята пісьменства.

Цырымонію аздобілі выступленні вядомых артыстаў і калектываў. Вядома ж, прагучала і фірменная песня свята – “Дзень беларускага пісьменства”.

***

Свята ўдалося. Яго ўдзельнікі прыхінуліся да вытокаў айчыннага кнігадрукавання, выказалі пашану старадаўняй культурнай спадчыне нашага народа. На памяць засталіся кнігі і разнастайныя сувеніры з беларускай сімволікай, узнёслы настрой і добразычлівасць палачан.

Эстафета перададзена гораду Іванава Брэсцкай вобласці, краю, адкуль пайшоў род класіка рускай літаратуры Фёдара Дастаеўскага, славутага культурнага дзеяча, краязнаўцы-мастака Напалеона Орды, які, дарэчы, пакінуў пасля сябе і серыю малюнкаў з выявамі полацкай старасветчыны. Там свята пройдзе ўпершыню. У добры шлях, Дзень беларускага пісьменства!

Галіна Шпакоўская. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА. "Витебские вести".

Версия для печати