Прыёмная выканкама
210010, г.Віцебск, вул.Гогаля, 6
e-mail: oik@vitobl.by
Тэлефон: (+375-212) 48-11-55
Факс: (+375-212) 48-11-56
Віцебскі абласны выканаўчы камітэт
Дзелавое супрацоўніцтва

Уладзімір Пенін: «Мы хочам паказаць свету, якую гістарычную ролю адыграў Полацк у станаўленні дзяржаўнасці Беларусі»

31.08.2017 1—3 верасня старажытны Полацк, святкуючы юбілей — 1155-годдзе заснавання, у трэці раз прыме Дзень беларускага пісьменства. Ён пройдзе пад знакам 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання і, безумоўна, будзе звязаны з імем Францыска Скарыны — славутага сына Полацка, гуманіста і асветніка, які прынёс першае друкаванае слова на нашы землі, паклаў пачатак беларускай інтэлектуальнай традыцыі. Маючыя адбыцца ўрачыстасці — падзея нацыянальнага маштабу, падрыхтоўка да яе ў рэспубліцы пачалася яшчэ ў маі мінулага года. І вось ужо заўтра Полацк будзе сустракаць гасцей. Напярэдадні свята мы пагутарылі з намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама, кіраўніком абласнога аргкамітэта і членам Нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства Уладзімірам Пеніным.

—Уладзімір Пятровіч, тэма 500-годдзя кніга­друкавання і звязаныя з датай праекты, юбілей Полацка і юбілеі класікаў айчыннай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Янкі Брыля, Пімена Панчанкі, многія іншыя падзеі дазволілі гаварыць пра новы фармат правядзення Дня беларускага пісьменства, што не раз згадвалася падчас падрыхтоўкі да яго. На ваш погляд, ці ўдалося рэа­лізаваць задуманае?

— А вы прыязджайце ў Полацк! Пераканайцеся, наколькі папрыгажэў старажытны горад. Перад святам амаль на 350 аб’ектах, у ліку якіх такія славутасці, як Сафійскі сабор, Музей беларускага кнігадрукавання, гарадскі Дом культуры, а таксама «візітоўкі» горада — чыгуначны і аўтавакзал, праведзены рамонтныя работы, рэканструкцыя альбо мадэрнізацыя. На гэтыя мэты з розных крыніц фінансавання было накіравана звыш 13 мільёнаў рублёў.

Канешне, усё, што зроблена, гэта абрамленне і той годны фон, на якім па-асабліваму будзе выглядаць яскравая карціна свята нацыянальнага маштабу. Праграма яго ўключае звыш 60 творчых, культурна-асветніцкіх, навуковых, літаратурных і мастацкіх праектаў. Уласна, старт дадзены. 30 жніўня з Мінска стартавала традыцыйная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў». А ўжо заўтра пачне працу маштабны дзіцяча-юнацкі форум «Скарынаўскія дні ў Полацку», адкрыецца Скарынаўская алімпіяда для школьнікаў.

2 верасня ў Полацку адбудзецца ўрачыстае шэсце, прысвечанае 1155-годдзю Полацка, Дню беларускага пісьменства і 500-годдзю кнігадрукавання, і адкрыццё свята з удзелам лепшых майстроў мастацтваў нашай краіны. Дарэчы, вядучай канцэрта будзе добра ўсім вядомая заслужаная артыстка Беларусі Алена Спірыдовіч.

Мерапрыемстваў, як я ўжо сказаў, будзе вельмі шмат. На працягу трох дзён пройдуць міжнародны «круглы стол» з удзелам беларускіх і замежных літаратараў «Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы», навукова-практычная канферэнцыя «Полацкія чытанні», фестываль кнігі і прэсы, урачыстая цырымонія ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі і цырымонія перадачы эстафеты святкавання Дня беларускага пісьменства-2018 гораду Іванава Брэсцкай вобласці, фэсты сярэднявечнай культуры «Рубон», будуць падведзены вынікі рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». Да знамянальных дат палачане падрыхтавалі шэраг арыгінальных арт-праектаў, а таксама тэатральную і музычную прэм’еры. У абноўленым гарадскім Палацы культуры прой­дзе першы паказ спектакля «Легенда пра Усяслава Полацкага» заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра «Пілігрым» у пастаноўцы рэжысёра Веры Кісялёвай, а канцэртная зала Са­фійскага сабора запросіць на прэм’еру сюіты беларускага кампазітара Ганны Кароткінай «Францыск Скарына» ў выкананні арганісткі Ксеніі Пагарэлай.

Безумоўна, галоўны герой Дня беларускага пісьменства — кніга. Прэм’еры падрыхтавалі і беларускія выда­вецтвы. Пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Беларусі да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання выйшла выданне «Францыск Скарына са слаўнага горада Полацка», убачыла свет кніга «Францыск Скарына — чалавек свету» ў серыі выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Па матэрыялах Музея беларускага кніга­друкавання выдавецтвам «Беларусь» выпушчаны том «Кніжныя скарбы Беларусі». На святочных прэзентацыях гэтыя кнігі пабачаць усе жадаючыя.

У музеях Полацка пройдуць выставы памятных манет серыі «Шлях Скарыны» Нацыянальнага банка, Псалтыроў з усёй Беларусі, а таксама гравюр сучасных мастакоў па выніках пленэра.

Усе гэтыя дні, звяртаючыся да імя першадрукара Францыска Скарыны, разважаючы пра лёсы нацыянальнай культуры, мы таксама хочам паказаць свету і тое, якую гістарычную ролю адыграў Полацк у станаўленні дзяржаўнасці Беларусі. Адна з важных падзей апошніх дзён — устаноўка памятнага знака «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці» ля сцен старажытнага Сафійскага сабора. Урачыстае адкрыццё гэтай сімвалічнай пяціметровай кампазіцыі адбудзецца 2 верасня.

— Свята з нагоды пяцісотгоддзя кнігадрукавання можа сапраўды паслужыць гуманітарным і палітычным мастом для зносін нашай краіны з усім светам. Хто прыедзе ў Полацк?

— Святочныя мерапрыемствы праходзяць па ўсёй краіне, а не толькі ў Полацку, — лекцыі, семінары, творчыя сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі культуры, педагогамі. А зацікаўленасць да нацыянальнага свята выказалі прадстаўнікі 10 краін свету, у Полацк прыедуць дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў, дыпламаты, беларусы замежжа, многія дзеячы культуры і мастацтва, пісьменнікі.

— Падзея, безумоўна, рэзанансная, інфармацыйнае поле свята велізарнае. Ці шмат журна­лістаў чакае Полацк?

— Для асвятлення Дня беларускага пісьменства і 500-годдзя кнігадрукавання, юбілею Полацка будуць акрэдытаваны каля ста беларускіх і замежных журналістаў — прадстаўнікі друкаваных выданняў, тэлебачання, інтэрнэт-рэсурсаў. На базе гімназіі №1 горада Полацка для СМІ арганізаваны прэс-цэнтр, які ўжо абсталяваны ўсім неабходным для працы, падключаны 20 камп,ютараў з магчымасцю выхаду ў Інтэрнэт.

Упэўнены, што багацце тэм дазволіць падрыхтаваць цікавыя рэпартажы, даць аб’ектыўную карціну свята, распавесці пра Полацк, яго гісторыю, славутасці, пра вялікі турыстычны патэнцыял, культурную спадчыну і ўнікальную гасціннасць так, каб прыцягнуць яшчэ больш падарожнікаў і турыстаў, даслед­чыкаў даўніны, аматараў гісторыі. І, вядома, данесці да кожнага сэнс і сутнасць эпахальнага свята, а таксама запавет першадрукара, знакамітага палачаніна Францыска Скарыны: «Любіце кнігу, бо яна — крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы».

Гутарыла Наталія КРУПІЦА. Фота Алега КЛІМОВІЧА. "Витьбичи".
Версия для печати