Прыёмная выканкама
210010, г.Віцебск, вул.Гогаля, 6
e-mail: oik@vitobl.by
Тэлефон: (+375-212) 48-11-55
Факс: (+375-212) 48-11-56
Віцебскі абласны выканаўчы камітэт
Дзелавое супрацоўніцтва

Жыхары Віцебска напісалі беларускую дыктоўку ў Дзень роднай мовы

22.02.2019 У Дзень роднай мовы аматары беларускага слова напісалі дыктоўку ў абласной бібліятэцы ім. Леніна.

Беларусь далучылася да  традыцыйнага міжнароднага свята ў 2009 годзе. Па ўсёй краіне ладзяцца патрыятычна-філалагічныя акцыі і мерапрыемствы, падчас якіх грамадзяне прызнаюцца ў любові да сваёй роднай мовы і пішуць дыктоўкі. Селёта ў абласной бібліятэцы ў Віцебску сабраліся дзясяткі аматараў беларускай мовы, сярод якіх былі як паэты, пісьменнікі, студэнты, так і  звычайныя людзі, што з павагай і пашанай адносяцца да нацыянальнай культуры і спадчыны.

- Я заўсёды размаўляю па-беларуску, моцна люблю сваю краіну і мову, імкнуся папулярызаваць яе. Для мяне гэта сэнс жыцця, таму і вырашыла далучыцца да агульнай дыктоўкі. Для мяне натуральна – размаўляць так, як  гэта рабілі на нашы продкі,  выбітныя  пісьменікі і паэты, вядомыя нават за межамі краіны. Хачу, каб гэта стала штодзённым для ўсіх беларусаў, – адзначыла студэнтка другога курса аддзялення беларускай філалогіі філфака ВДУ імя П. Машэрава Наталля Ермакова.

Разам з сяброўкамі-аднагрупніцамі яна прыняла ўдзел у літаратурна-музычнай вечарыне, што папярэднічала дыктоўцы. Дзяўчаты прачыталі вершы, прысвечаныя беларускай мове, а потым разам з усімі напісалі тэкст паводле эсэ Уладзіміра Арлова “Незалежнасць – гэта…”(1990 г.).

Прачытаў яго ўдзельнікам  мерапрыемства старшыня  абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы,  кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Віцебскага дзяржуніверсітэта Юрый Бабіч.


На імпрэзе таксама выступілі віцебкія празаікі і  паэты – Настасся Лазебная, Міхась Мірановіч, Галіна Сіняўская і Людміла Сіманёнак. Адзнакі  ўдзельнікам акцыі ніхто не выстаўляў, кожны праверыў сваю работу  самастойна.

Галоўным вынікам гэтай дыктоўкі была не наяўнасць або адсутнасць памылак, а атрыманая асалода ад сакавітага роднага беларускага слова.

"Витебские вести".

Версия для печати