Приемная исполкома
210010, г.Витебск, ул.Гоголя, 6
e-mail: vitoblisp@vitebsk.by
Телефон: (+375-212) 42-57-57
Факс: (+375-212) 42-57-81
Витебский областной исполнительный комитет
Главная > Новости

Магіла Язэпа Драздовіча стала гісторыка-культурнай каштоўнасцю

14.09.2018

У год, аб’яўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Годам малой радзімы, ідзе пашырэнне Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей па Віцебскай вобласці. У маі 2018 года пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю была  прызнана Народная гульня моладзі ”Яшчар“ у в. Гута Пастаўскага раёна.

Рашэннем Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ад 12 верасня 2018 г. № 516 статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нададзены  магіле вядомага беларускага мастака, фалькларыста, этнографа Язэпа Драздовіча, якая знаходзіцца ў в.Ляпляне Глыбоцкага раёна.

Сімвалічна, што адбылося гэта напярэдадні чарговых угодкаў са дня смерці нашага земляка, які памёр 15 верасня 1954 г., і за месяц да 120-гадовага юбілею з дня яго нараджэння класіка беларускага мастацтва. З ініцыятывай пра ўключэнне ў Дзяржаўны спіс месца пахавання Язэпа Драздовіча выступіў Глыбоцкі райвыканкам.

Пахаваны Язэп Нарцызавіц на звычайных вясковых могілках. На месцы пахавання у 1982 годзе усталявана пліта з барэльефам (скульптар А. Шатэрнік).

Па словах старшыні Віцебскага абласнога савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Г.У.Савіцкага, дадзеная прапановы была адзінагалосна падтрымана ўсімі. Пытанне толькі ўзнікла з лакалізацыяй помніка, так як вельмі часта гэтыя могілкі прывязваюць да в. Малыя Давыдзькі, а в.Ляпляне доўгі час называлася Ліпляні. Гэтыя назвы можна сустрэць у шматлікіх публікацыях па жыцці і творчасці мастака. Таму пры лакалізацыі гісторыка культурнай каштоўнасці карысталіся тым, што абодва варыянты назвы сустракаюцца у нарматыўных даведніках, а ў дадзены момант ва ўсіх афіцыйных картах і базах веска мае назву Ляпляне (у рускім варыянце “Лепляне”).

Дзякуючы новай гісторыка-культурнай каштоўнасці агульная колькасць аб’ектаў спадчыны ў Віцебскай вобласці дасягнула лічбы 953. Гэта другое месца па рэспубліцы пасля Магілёўшчыны. Рашэнне Віцебскага аблвыканкама стала першым прыкладам пашырэння Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей на рэгіянальным узроўні ў вобласці, пасля таго як такая магчымасць была дадзена рэгіёнам Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры. У рэспубліцы на сённяшні дзень падобныя рашэнні прымаліся толькі ў Гродзенскай і Мінскай абласцях. Копія рашэння будзе размешчана на сайце Міністэрства культуры.

 

Версия для печати