Приемная исполкома
210010, г.Витебск, ул.Гоголя, 6
e-mail: oik@vitobl.by (для деловой переписки)
Телефон: (+375-212) 48-11-55
Факс: (+375-212) 48-11-56

Канцелярия: 
(+375-212) 37-58-11
(+375-212) 37-30-20
Витебский областной исполнительный комитет
Главная > Новости

Мультыборды і парты Эрысмана. У Браславе пасля капрамонта пачала працаваць СШ №2

02.09.2019 Першы дзень новага навучальнага года быў напоўнены радасцю. За час школьных канікул вучні засумавалі па педагогах, аднакласніках, радаваліся сустрэчы з імі і мроілі пра будучыню. Гэта наперадзе напружаныя будні, карпенне над падручнікамі, а ў гэты дзень – толькі прыемныя эмоцыі. У Браславе асабліва востра іх перажывалі вучні СШ №2, якія, па сутнасці, пачыналі навучальны год у новай школе.

Да якіх на ўрачыстасць завіталі старшыні аблвыканкама Мікалай Шарснёў і райвыканкама Аляксандр Баданін, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, шэфы, іншыя шаноўныя госці.

Адкрываючы ўрачыстую лінейку, Мікалай Мікалаевіч увагу школьнікаў акцэнтаваў на тым, што без ведаў у чалавека няма будучыні.

– Якую прафесію вы ні выбераце, – сказаў ён, – кожная патрабуе належнай падрыхтоўкі. Напрыклад, станкі сёння з праграмным кіраваннем, робатызаваныя, але без ведаў электронікі і робататэхнікі паспяхова кіраваць імі немагчыма. І ніхто не зробіць краіну лепшай, горад, дзе жывём, прыгажэйшым, калі самі не прыкладзём да гэтага рук. Браслаў змяніўся на вачах. І гэтыя змены ў першую чаргу для вас, каб вы тут жылі, стваралі сем’і, мелі добрыя ўмовы, і не ўзнікала жадання кудысьці з’язджаць. Старшакласнікам старшыня аблвыканкама пажадаў правільнага выбару, педагогам – выхоўваць дзяцей так, каб ганарыцца імі.

Мікалай Шарснёў уручыў дырэктару школы Анатолю Невярковічу сертыфікат на новы школьны аўтобус. Яшчэ адзін сертыфікат на камп’ютарны клас падорыць школе Аляксандр Баданін.

Вядома, вучні СШ №2 чакалі, што 2 верасня школа сустрэне іх папрыгажэўшай пасля капітальнага рамонту і мадэрнізацыі, якія пачаліся яшчэ ў мінулым навучальным годзе. Але тое, што ўбачылі, уразіла і іх, і бацькоў. Можна сказаць, ад ранейшага будынка засталіся толькі сцены. Усё астатняе – вынік клапатлівай работы будаўнікоў і калектыву навучальнай установы, якую задумана зрабіць “школай будучага”.


Матэрыяльная база для гэтага ўжо закладзена. Акрамя рамонту, на які пайшло больш за 2,5 млн руб., сучасным стала ўнутранае начынне. Першакласнікі, а гэта 90 хлопчыкаў і дзяўчынак, пачалі навучанне за партамі Эрысмана, якія рэгулююцца пад іх рост, фарміруюць правільную паставу і выключаюць захворванне на скаліёз.

Інфарматыку і замежную мову школьнікі будуць вывучаць у кабінетах, аснашчаных новымі камп’ютарамі, біялогію – з дапамогай электронных мікраскопаў, азам апрацоўкі дрэва і металу вучыцца на станках з праграмным кіраваннем. Дзесяць мультыбордаў дазволяць педагогам і школьнікам на больш высокім узроўні вывучаць той ці іншы прадмет.

Школа паглыбляе прафесіянальную арыентацыю сваіх выхаванцаў. Адкрываецца яшчэ адзін клас МНС, у якім вучні будуць займацца не два, як раней, а чатыры гады. З гэтага года пачынаюць працаваць аграрны клас і школьнае лясніцтва. Вучням апошняга Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры” выдзеліў для заняткаў пад кіраўніцтвам іх спецыялістаў 280 га лесу.

Змены закранулі не толькі навучальны працэс. У школе паклапаціліся пра рознабаковае развіццё вучняў. Для тых, хто захапляецца творчасцю, абсталяваны зал рытмікі, набыты інструменты і інвентар для музычнага класа і актавай залы.

Спартсменаў парадавалі спартыўная і трэнажоная залы і зала для заняткаў адзінаборствамі, чатыры спартыўныя пляцоўкі, якія з’явіліся вакол школы. Здаровы лад з дзяцінства павінен стаць нормай жыцця школьнікаў. Тады і дарослае жыццё, і служба ў арміі пойдуць больш лёгка. А для гэтага хлопцы і дзяўчаты змогуць у школьным ціры, які плануецца зрабіць раённым цэнтрам дапрызыўнай падрыхтоўкі, навучыцца трапнасці стральбы, зборцы і разборцы зброі. Працэс перааснашчэння ціра лазерным інтэрактыўным абсталяваннем пачаты.

Таму і былі ўражаны больш за 500 вучняў школы і іх бацькі, а разам з імі педагогі і ўвогуле браслаўчане, што дзякуючы “Дажынкам” атрымалі сучасную навучальную ўстанову, дзе створаны ўмовы для навучання і развіцця дзяцей.

Ганаровыя госці, якія прысутнічалі на ўрачыстай лінейцы, прайшлі па школе, пажадалі поспеху педагогам і іх выхаванцам.

У гэты ж дзень Мікалай Шарснёў наведаў дзіцячы сад №3, які таксама ў ходзе падрыхтоўкі да “Дажынак” атрымаў другое жыццё і ўмовы, пра якія бацькі маленькіх выхаванцаў раней толькі марылі.

"Витебские вести". Фото газеты "Браславская звезда".


Теги : Браслав, Дажынкі, образование
Версия для печати