Приемная исполкома
210010, г.Витебск, ул.Гоголя, 6
e-mail: oik@vitobl.by (для деловой переписки)
Телефон: (+375-212) 48-11-55
Факс: (+375-212) 48-11-56

Канцелярия: 
(+375-212) 37-58-11
(+375-212) 37-30-20
Витебский областной исполнительный комитет
Главная > Новости

Рэпартаж з Ляўкоў да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы

07.07.2022 Ляўкі сталі гасцінным прытулкам, месцам сілы, як зараз кажуць, для нашага славутага Песняра. Тут Янку Купалу добра жылося, вольна дыхалася, адсюль родам, бадай, самыя лепшыя яго вершы. Тут паэта і да гэтае пары добра памятаюць, з вуснаў у вусны перадаюць аповеды тых, хто меў шчасце быць знаёмым са слынным земляком.

«Ты паглядзі, Петрусёк, якая гэтая рака» 

«Ехаць прыйдзецца цягніком да Оршы, адтуль яшчэ кіламетраў дваццаць», — расказваў Янка Купала Якубу Коласу. Упершыню Іван Дамінікавіч аказаўся ў Ляўках разам з іншымі нашымі творцамі ў красавіку 1935-га падчас чарговай камандзіроўкі: пісьменнікі выступалі на калгасных сходах і вечарынках. Паэт настолькі ўразіўся і вёскай, і людзьмі, і наваколлем, што пражыў тут у сям'і ляснічага Шыманскага цэлае лета. Мясцовасць так яму спадабалася, што пасля пастановы ўрада аб будаўніцтве дачы ў гонар яго 30-гадовай творчай дзейнасці на пытанне «Дзе?» адказаў: «Толькі тут!» Пятрусь Броўка, які памёр у сакавіку 1980-га, успамінаў, што такі цудоўны куток цяжка было ўявіць. Стоячы над асабліва прыгожым, раздольным у Ляўках Дняпром, Купала гаварыў: «Ты толькі паглядзі, Петрусёк, якая веліч гэтая рака, а яна ж звязвае ўсіх нас — і рускіх, і беларусаў, і ўкраінцаў». Як жа горка чытаць гэтыя братэрска-сардэчныя словы Песняра сёння, калі між намі, славянамі, такое адбываецца.

Пра тое, што лепшае месца для лецішча ўявіць было, сапраўды, складана, распавядае ў рамане-эсэ і выбітны беларускі літаратуразнавец Алег Лойка (пайшоў з жыцця ў 2008 годзе). Піша, што за дачай на кручы гайдалі ў высокім сінім небе свае разложыстыя лапіны векавыя задуменныя сосны. Яны «дарылі Купалу грыбы, ягады і зуброўку — шаўковую духмяную траву зуброў, якая расце толькі ў Беларусі». У багажніку «Шэўрале», машыне, якую ўрад падарыў паэту ў 1939-м, разам з «найлепшай траўкай для гасціннай настойкі» ехалі «белыя баравікі ў карычнева-чорных пакарабачаных капелюшах, вогненна-рыжыя рыжыкі, маслатыя маслякі, чырвонагаловыя падасінавікі». У ціхім і прыемным паляванні на іх прымаў удзел і Якуб Колас. Акрамя яго і згаданага вышэй Броўкі, у госці прыязджалі Міхась Лынькоў, Пятро Глебка і Андрэй Александровіч. Наведвалі гаспадара і пісьменнікі з саюзных рэспублік — перакладалі на свае мовы вершы, складалі з іх зборнікі…

Пра гэта распавядала мне падчас маёй працы ў «Сельской газете» былая дырэктарка літаратурнага музея Янкі Купалы Жанна Казіміраўна Дапкюнас, дачка пляменніцы паэта Ядвігі Юльянаўны Раманоўскай, захавальніцы яго літаратурнай і архіўнай спадчыны. Па словах Жанны Казіміраўны, разам з Іванам Дамінікавічам Ляўкі наведвалі, вядома ж, яго жонка Уладзіслава Францаўна, а гэтаксама малодшая сястра Леакадзія з сынамі Янкам і Уладам, сярэдняя сястра Марыя, пляменніцы Уладзя, Ніна, Ваця і Ядвіга.

Мемарыяльны комплекс «Дача Янкі Купалы». 

Па ўспамінах Коласа, калі ён упершыню прыехаў у Ляўкі, Купала павёў яго аглядаць наваколле. Спачатку — лес, які часта перасякаўся глыбокімі ярамі. З іх схілаў прабіваліся крыштальна чыстыя крыніцы. Яны ўтваралі на дне яроў гаманкія ручайкі, што зліваліся ў адзін і шпарка імкнуліся ў Дняпро, у бераг якога ўпіраўся адхонны схіл кручы, багата заросшы пышнымі кустамі. Летняй раніцай, да ўсходу сонца, паэта ўражваў і хваляваў, радаваў і натхняў малюнак, які яны назіралі з вакна салькі купалаўскай дачы. Павольная, паважная баржа з чырвоным ліхтаром. Следам за ёй — агністая плямка, што адбіваецца ў празрыстай вадзе. Рыбацкія лодкі. А воддаль, за два кіламетры вышэй па рацэ, — сілуэты будынкаў Копысі…

З вялікай цікавасцю пазнаёміўся некалі і з першым успамінам Коласа пра Купалу. Вось ён: «Мая першая непасрэдная сустрэча з Янкам Купалам адбылася толькі летам 1912-га, амаль праз год пасля майго вызвалення з астрога. (Паэт трапіў у мінскую турму за ўдзел у настаўніцкім беларускім саюзе. — У. Б.) 

…Я жыў у сваіх родных на Нёмане, у паўтара кіламетрах ад в. Мікалаеўшчына. Якраз на тую пару я быў у сяле ў аднаго са сваіх прыяцеляў. І раптам прыбягае адна з маіх сясцёр. Усхваляваная, стаміўшыся ад шпаркай хады, яна адразу з запалам сказала: «Да цябе прыйшоў Янка Купала!» Гэтыя словы моцна ўразілі мяне. Я зараз жа развітаўся з прыяцелем і хутка падаўся дахаты на сустрэчу з паэтам, якога ведаў даўно, але ні разу яшчэ не бачыў, і якога так моцна хацелася пабачыць.

Купала сядзеў за сталом. Згледзеўшы мяне на парозе хаты, ён не спяшаючыся падняўся з месца і накіраваўся насустрач мне. Лагодная ўсмешка, ясны малады твар, вясёлыя светла-карыя вочы з ледзь улоўнай хітравінкай — такі быў у маіх вачах Янка Купала. Такім жыве ён і па сённяшні дзень у самым запаветным куточку маёй памяці.

...Звычайна Купала мала калі пускаўся ў доўгія гутаркі. Ён пераважна атмяжоўваўся кароткімі і трапнымі адказамі, заўвагамі. У тоне яго гаворкі нязменна чуліся дабрадушныя ноткі жарту і гумару. Запаветныя думкі ён таіў у самім сабе, не раскідваўся імі. І толькі вынасіўшы, перажыўшы іх, даваў ім волю ў сваіх творах. Таксама не любіў ён гаварыць і аб сваіх творчых намерах, планах...»

Каб як на дражджах

У Копысі, што ў двух кіламетрах ад Ляўкоў, на самым беразе Дняпра стаяла хата майго дзеда па маці Іллі Нічыпаравіча Ігнаценкі, у якую трапіла ў 1941-м фашысцкая бомба... Упершыню мястэчка, дзе вельмі любіў бываць аўтар створанай у 1906 годзе пранізлівай «Маёй малітвы», згадваецца як горад Полацкага княства ў Ніканаўскім летапісе ў 1059-м. У сярэдзіне XII стагоддзя тут знаходзіўся пункт збору смаленскімі князямі гандлёвага мыту з тавараў, што правозілі па Дняпры, і карчмарскай даніны з заезных дамоў. На працягу чатырох стагоддзяў мястэчка было цэнтрам керамічнага рамяства, гэтак званай «копыскай кафлі». Да гітлераўскай навалы тут дзейнічала і вядомая ў акрузе хлебапякарня, на якой шчыравалі дзед і бабуля Мар'я. Ілля моцна сябраваў з Шыманскім, які і пазнаёміў яго з Купалам. Мама Настасся Іллінічна, якой у 1936-м споўнілася 12, пачула, як бабуля расказвала суседцы, што Купала вельмі ўважліва сачыў за сваім мілавідным тварам. І калі на белых шчоках нечакана пачалі з'яўляцца чырвоныя бугаркі, паэту параілі цэлы месяц піць парашковыя піўныя дрожджы. Пра іх існаванне мама, у адрозненне ад старэйшых, нічога ніколі не чула. Як і не ведала, што дзед мяняў праз знаёмых звычайныя хлебапякарныя дрожджы на неабходныя. За імі Купала і прыехаў з Шыманскім да дзеда.

Лiтaратурнa-дaкументальная экспaзiцыя. Быў паэт — яго ўжо добра ведалі і старыя і малыя — сярэдняга росту, з кіёчкам і ў каляровай цюбецеечцы. А ўжо тыдні праз два прыйшоў пяшком, як гэта часта рабіў, адзін. Дзеду прынёс пляшку асабістай зуброўкі, а маме — цукеркі і новую кніжку «Песня будаўніцтву». Яна толькі што пабачыла свет і захоўвалася ў горацкіх Анікавічах да самага заканчэння вайны (там, на ўскрайку, побач з вялікім балотам, дзед пабудаваў у Вялікую Айчынную маленечкую хату). Наведваўся Іван Дамінікавіч у Копысь і з жонкай Уладзіславай Францаўнай, якая аднойчы дужа пакрыўдзілася на суседку-сяброўку: тая не сказала ёй, што ў яе адсутнасць Янка гуляў ноччу на дачы не толькі з сябрамі-паэтамі, але і з мясцовымі дзяўчатамі-прыгажунямі. Пасля яму давялося шкліць на лецішчы ўсе вокны!.. Увогуле ж моладзь збіралася ў вялікім клубе, будаўніцтва якога арганізаваў камсамольскі актыў. Назвалі прыстойны дом у стылі часу — «Чырвоны аратай». Купала пісаў:

 Вечарынка ў калгасе,

 У «Чырвоным аратаю», —

 Прыйшлі Сцёпкі, Пецькі, Васі,

 Прыйшлі Зоські, Стасі, Касі,

 І гармонік грае, грае.

 Гэта радкі з верша «Вечарынка», што ўвайшоў у вядомы «Ляўкоўскі цыкл».

 Нягледзячы на часовыя жыццёвыя непаразуменні, якія тут жа забываліся, Уладзіслава Францаўна вельмі цёпла адзывалася пра родныя мясціны: «Калі я ўспамінаю Ляўкі, дзе была наша дача, перада мной заўсёды ўстае высокі бераг Дняпра, стары сасновы бор, задумлівы, шумлівы... Каля Дняпра зарослыя кустамі чаромхі, арэшыны, у высокай зялёнай траве акопы, бліндажы — памяць Першай сусветнай вайны.

 Па Дняпры праходзяць платы, за Дняпром відаць шырокія калгасныя палі, з вясны зелянеючыя рунню, а пасля — залацістыя ў цяжкім наліве калгаснага збожжа.

Плытагоны пелі песні, якія доўга несліся над вадой, рэхам адгукаючыся ў бары. Цэлымі днямі бор напаўняўся птушыным шчэбетам, ноччу і раніцай увесь прастор дрыжаў ад салаўінага спеву».

Спуск да Дняпра.

«Такога гонару не меў ніколі»

Думаецца, і Купалу адразу і назаўжды паланілі гэтыя ўнікальныя нябесныя птахі. Мой добры знаёмы Віктар Рабкоў, які працаваў у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры, вярнуўшыся аднойчы з Аршаншчыны, запытаў, ці чуў я калі ляўкоўскіх салаўёў. І, не чакаючы адказу, «заспяваў»: «Уяўляеш, яшчэ не паспела схавацца сонца і на небе ўдалечыні залаціцца высокая хмурынка, а з тваіх прыдняпроўскіх пагоркаў нечакана... іх цёхканне. Спачатку ціхае і як бы нясмелае, якое з кожным каленцам набірае моц і дужыцца, аж пакуль не заціхае на нечаканай ноце. За першым, ледзь разгледзіш, даўганогім, бураватым падаў голас другі, потым трэці... І пашыбаваў па ўсяму твайму наваколлю мілагучны, гаючы і радасны розгалас...» Мне тады падалося: я зноў у Ляўках, у развагах пра веліч і хараство, якія ахутвалі Янку Купалу. Праз год ужо сам знаходзіўся сярод лістоты, з якой салаўі пілі расу, і атрымліваў асалоду ад канцэрта мясцовых майстроў. Свіст, варкатанне і гукі пстрыкаў, няспешны тэмп і вялікая разнастайнасць проста зачароўвалі. Дарэчы, дзіўная птушка, крышачку буйнейшая за вераб'я, спявае толькі на радзіме! І гэта робяць праз тыдзень пасля прылёту дадому менавіта самцы. Такім нябесным мастацтвам яны шукаюць сваю другую палову. Лепш удаецца гэта старэйшым. Што ні кажы, а рэпертуар у іх багацейшы. Тым не менш, лічы, палова ўсіх кавалераў так і не знаходзіць сабе пару… Калі прыгледзецца, можна заўважыць, як побач з першым выцягнуўся на лапках і махае хвастом другі, за ім топчацца трэці… Сам не ўцяміў, падказалі людзі: гэта маладзейшыя пераймаюць высокае майстэрства ў старэйшых.

 У чарговы раз дзед перадаваў своеасаблівыя лекі Купалу падчас наведвання ім Копыскай сярэдняй школы, дзе мама вучылася тады ў сёмым класе. Яна каля паўстагоддзя адпрацавала медсястрой у нашай фабрычнай бальніцы, і я ніколі не чуў, каб яе называлі не інакш як Іллінічна — без імя і прозвішча. «Купала быў у нашай школе некалькі разоў, — расказвала Іллінічна. — Асабліва запомніла, як ён прыязджаў у 1938-м разам, здаецца, з Броўкам. Настаўніца Ганна Якаўлеўна Барадзінцава запрасіла яго, як мы, малодшыя,  даведаліся, на выпускны вечар. Прыйшоў Купала, нельга было не звярнуць увагу, у прыгожым шэрым касцюме з белай сарочкай і гальштукам, вельмі акуратна пастрыжаны. Сабраліся і вучні, і выкладчыкі, і вяскоўцы — усе, хто на той момант аказаўся ў школе. Такі прыемны, сціплы, светлы, ён больш цікавіўся мясцовымі справамі, чым распавядаў пра сябе. Пытаўся, колькі ўсіх выпускнікоў, куды збіраюцца ўладкоўвацца, хто застаецца вучыцца, дзе працуюць бацькі, хто чым з большай ахвотай займаецца, што неадкладна патрэбна школе, ці піша хто вершы. Сам жа прачытаў пра тое, як бацька кліча сыноў і запытвае, чым яны будуць займацца».

Праз нейкі час даведаўся, што гэта быў верш «Сыны» — першы, напісаны паэтам у Ляўках, які ўвайшоў у згаданы вышэй «Ляўкоўскі цыкл». Хто памятае, у ім яшчэ «Старыя акопы», «Беларусі ардэнаноснай», «Алеся», «Здаецца, было гэта ўчора», «Як я молада была», «Лён» і, зразумела ж, неўміручы «Хлопчык і лётчык».


Гэтым ды іншымі вершамі паэта я зарабляў у першых класах навагоднія падарункі не толькі для сябе, але і для Максіма, Шкрэда і Валіка. Загадчык канторы падсобнай гаспадаркі Аршанскага льнокамбіната, маленькі, хітраваты, зухаваты Касцючок, выдаваў чаканую смакату бясплатна толькі тым дзецям, якія поўнасцю расказвалі той ці іншы верш на памяць. Сябры гэтага зрабіць не маглі, і я чытаў, што дазвалялася, за іх

Што тычыцца «Хлопчыка і лётчыка», то гісторыя з'яўлення гэтага славутага верша заслугоўвае, каб пра яе распавесці. На вясковай вуліцы Купала так захапіўся гутаркай з таварышам, што пра ўсё забыўся. Раптам насустрач ім выбег з брамы загарэлы хлопчык з белымі льнянымі валасамі. Ад неспадзеўкі суразмоўцы спыніліся. Той на бягу кружыў перад сабой рукамі і гудзеў як самалёт. Твар у яго быў сур'ёзны, сабраны на адзінай думцы. Малюнак так уразіў аўтара створанай у 1918 годзе «Спадчыны», што ён наўздагон малому крыкнуў: «Кім ты быць хочаш?» І ён не спыняючыся звонка адказаў: «Лётчыкам!» Неўзабаве на словы нарадзілася музыка кампазітара Віктара Белага.

Дарэчы, у дні Вялікай Айчыннай як працяг з'явіўся верш «Хлопчык і лётчык на вайне». Праз пяць дзён пасля яе пачатку Пясняр, які напіша папулярны ў народзе верш «Беларускія партызаны», быў у Ляўках (разам з жонкай і Коласам) у апошні раз...

Цяпер тут знаходзіцца адзін з чатырох філіялаў купалаўскага музея ў Мінску. Яшчэ два — на Маладзечыншчыне (Вязынка і Яхімоўшчына) і адзін — на Лагойшчыне (Акопы). З аршанскім мяне знаёміла ў свой час Тамара Крына, якой дапамагалі Аксана Платонава, Святлана Галецкая, Людміла Мяншова і Дзмітрый Акулаў. Мясцовы філіял — мемарыяльны запаведнік плошчай 19 гектараў, створаны ў кастрычніку 1978-га. Там прымаюць гасцей адноўленая дача, якая згарэла 3 ліпеня 1941 года ад прамога пападання нямецкага снарада з другога берага Дняпра; уцалелы падчас ліхалецця будынак былой канторы Копыскага лясніцтва; дамок шафёра, гасцініца, гаспадарчыя пабудовы; помнік «Восень паэта» скульптара Анатоля Анікейчыка, якога не стала ў 56 гадоў; участак змешанага лесу, зона масавых гулянняў і, вядома ж, гараж. У ім прываблівае ўсіх той самы «Шэўрале», якім карыстаўся класік з 1939 па 1942 год. У 2010-м выбітны рарытэт адрэстаўрыравалі і  выставілі на нейкі час у сталічным музеі, а потым вярнулі яго «на радзіму». Сёння кошт аўтамабіля, якім падчас сваёй першай сустрэчы з Ляўкамі «кіраваў» я, сямікласнік ужо неіснуючай  школы, перавышае сто тысяч еўра.

Аўтамабiль «Шэўрале», падораны Янку Купалу ў 1939 годзе ўрадам БССР. 

 Памятаю, як з заміраннем сэрца аглядаў толькі што створаную ў былым лясніцтве новую літаратурна-дакументальную экспазіцыю. Яна ўвасобіла вобраз «Госці», які Пясняр разгарнуў у аднайменным вершы, адным з сямнаццаці, напісаных у чэрвені 1935-га:

 ...Такога гонару не меў ніколі,

 Як я на гэтае зямлі жыву,

 Каб так віталі мяне хлебам-соляй,

 І то не ў сне якім, а наяву...

Помнік Янку Купалу ва ўрочышчы Ляўкі Аршанскага раёна.

Як і ў творах Купалы, у кожнай музейнай залы асабісты, непаўторны голас. Дзе ж ты было раней, сучаснае мультымедыйнае абсталяванне?! З тваёй дапамогай глыбей адчуваю тагачасную атмасферу і прысутнасць паэта. Слухаю дзіўныя мілагучныя песні на яго залатыя словы і ляўкоўскіх салаўёў, якія спяваюць толькі на радзіме. Можа, разам з гасцямі, што прыходзяць і прыязджаюць у Ляўкі пакланіцца генію беларускага слова і духу, іх чуе і сам Янка Купала…

"СБ"
Теги : Витебская область, культура, Оршанский район
Версия для печати