Приемная исполкома
210010, г.Витебск, ул.Гоголя, 6
e-mail: oik@vitobl.by (для деловой переписки)
Телефон: (+375-212) 48-11-55
Факс: (+375-212) 48-11-56

Канцелярия: 
(+375-212) 37-58-11
(+375-212) 37-30-20
Витебский областной исполнительный комитет
Главная > Новости

У Паставах прайшоў Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік»

11.06.2018 Адшумелі музыкай і песнямі, рознагалоссем моў і гоманам дзятвы, прамільгнулі ў віхуры танцаў тры самыя яркія дні пастаўскага лета. Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» у 29-ы раз пацвердзіў, што з’яўляецца адным з самых папулярных не толькі ў краі, але і ва ўсёй краіне. Гэта падкрэслівалі ў сваіх выступленнях міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар і старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў.

Таксама да арганізатараў і ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня Беларускага фонду культуры, ініцыятар правядзення фестываляў у Паставах Тадэвуш Стружэцкі і старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік.



Фестываль з’яўляецца творчай пляцоўкай і барометрам дасягнутага ўзроўню для тых, хто захоўвае народныя традыцыі, і разам з тым месцам вучобы, больш глыбокага пазнання і вяртання да жыцця музычных інструментаў, якімі карысталіся нашы продкі. Таму майстар-класы сталі на фестывалі традыцыйнымі.

Сёлета, напрыклад, музыказнаўцы звярнулі ўвагу на дуду, яе магчымасці ва ўзбагачэнні палітры гучання аркестраў. Творчая лабараторыя «Дуда – покліч часу» была адзначана як адна з найважнейшых пляцовак мерапрыемства.

Дарэчы, на сёлетнім свяце народнай творчасці як ніколі раней было багата розных тэматычных пляцовак. Але іх ўсе аб’яднала адна тэма, яны прысвячаліся малой радзіме, яе культурна-гістарычнай спадчыне, прыродзе і людзям, тым хто праславіў яе ў творчасці, навуцы, эканоміцы.

Так супала, што ў Год малой радзімы на Пастаўшчыне святкуюць шэраг юбілеяў, звязаных з фестывалем «Звіняць цымбалы і гармонік». Споўнілася 60 гадоў Груздаўскаму цымбальнаму аркестру, мясцоваму калектыву, які і паклаў пачатак сучаснага фестывалю народнай музыкі. Яго справу прадоўжыў ансамбль «Паазер’е», які, па словах Тадэвуша Стружэцкага, з’яўляецца ўзорам захавання народных выкананаўчых традыцый і гучання інструментаў.



 Круглую дату ў гэтыя дні адзначае таксама калектыў Дома рамёстваў, адкрыццё якога адбылося 20 год таму менавіта падчас фестывалю. У першы дзень свята ўзгадвалі гісторыю Дома рамёстваў «Стары млын», людзей, што стаялі ля яго вытокаў, а таксама ушаноўвалі цяперашніх таленавітых майстроў. Гэтая ўстанова прызнавалася лепшай у вобласці, не раз была пераможцам ці прызёрам абласных і рэспубліканскага аглядаў-конкурсаў. Да юбілею майстры выставілі на агляд свае шматлікія работы.

У ліку аўтараў была і мастачка Таццяна Чарных. Пастаўшчына для сібірачкі стала другой радзімай. Прырода натхніла жанчыну на творчасць. Сваю ўдзячнасць краю і людзям яна выказала ў выставе карцін – светлых, сонечных, як людская дабрыня і гасціннасць.

У «Старым млыне» з удзячнасцю ўзгадвалі былога старшыню райвыканкама Васіля Чэпіка, дзякуючы якому і з’явіўся ў райцэнтры Дом рамёстваў. У музеі, што знаходзіцца ў палацы Тызенгаўза, размешчана выстава пад назвай «Народжаны для добрых спраў», на адкрыццё якой прыйшлі дзясяткі пастаўчан, каб разам успомніць таленавітага кіраўніка і шчырага чалавека, які ў цяжкую пару перабудовы закладваў падмурак сённяшняй эканоміцы раёна.

Не забылі пастаўчане і іншых сваіх землякоў. Памяць паэта і казачніка Уладзіміра Дубоўкі ўшанавалі памятным знакам, устаноўленым паблізу яго роднай вёскі ля шашы Полацк – Вільнюс, у райвыканкаме адкрылі галерэю партрэтаў былых кіраўнікоў раёна, выдалі зборнікі літаратурных твораў мясцовых ураджэнцаў і даведнік пра самых славутых з іх ліку.

Адным словам, музычны фестываль быў напоўнены не толькі музыкай. На ім гаварылі пра культурныя зносіны і дамаўляліся аб пашырэнні эканамічных сувязей. Незадоўга да яго пастаўчане сустракаліся з прадстаўнікамі гарадоў-пабрацімаў на эканамічным форуме ў Віцебску і тэму ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва прадоўжылі падчас свята ў Паставах, на якое прыехалі з краін Балтыі прадстаўнікі мясцовага самакіравання.

На фестывалі кожны мог знайсці сабе занятак па душы, наведаць канцэртныя пляцоўкі, адна з якіх у суботу працавала на гарадской плошчы, другая – у нядзелю ў гарадскім парку, паглядзець выступленні самадзейных артыстаў і калектываў у зале Дома культуры на традыцыйным конкурсе «Хто каго?».

Гэта былі яркія прадстаўленні, дзе злучыліся музыка і спевы, імклівыя скокі беларусаў і расіян, лірычныя напевы і павольныя танцы латышоў, літоўцаў і эстонцаў, экзатычнае выступленне індусаў. Фестываль у Паставах зацікавіў і іх, жыхароў далёкага Дэлі. Яны спявалі і танцавалі, гаварылі, што на Пастаўшчыну вернуцца яшчэ не раз.

Далёка за поўнач гучалі музыка і песні, неба рознакаляровымі зоркамі ўпрыгожваў феерверк, асвечвалі плошчу водбліскі вогненнага шоу. Пад раніцу ў нядзелю горад заціх, каб перад абедам зноў закарагодзіць у аглядзе выстаў мясцовых і прыезджых майстроў, прайсці ў тэатралізаваным шэсці ў парк і зноў парадаваць гледачоў яркімі выступленнямі.

Тэкст фота Тамары ПАШКЕВІЧ, "Витебские вести".
Теги : культура, Поставский район, Поставы, праздник, фестиваль
Версия для печати