Приемная исполкома
210010, г.Витебск, ул.Гоголя, 6
e-mail: vitoblisp@vitebsk.by
Телефон: (+375-212) 42-57-57
Факс: (+375-212) 42-57-81
Витебский областной исполнительный комитет
Главная > Новости

У Верхнядзвінку адбылося свята нацыянальных культур “Нас з’яднала зямля Беларусі”

10.12.2019 У мінулую суботу ў Верхнядзвінку адбылося свята нацыянальных культур “Нас з’яднала зямля Беларусі”, што сабрала прадстаўнікоў шматлікіх этнічных супольнасцяў Віцебшчыны – беларусаў, рускіх, украінцаў, латышоў, палякаў, яўрэяў і іншых.



Пачалося свята з выставы вырабаў майстроў народных мастацкіх рамёстваў, дзе сваю творчасць прадставілі майстры з розных куткоў вобласці. Прыгожымі атрымаліся выставы ў Таццяны Ушаковай з Полацка (мастацкі роспіс), Яўгена Ананіча (разьба па дрэве) і Сяргея Рымдзёнка (ганчарства) з Шаркаўшчыны. Вызвалі цікаўнасць лялькі ў нацыянальных строях, вырабленыя майстрам Лепельскага Цэнтра рамёстваў Наталляй Петуховай.

Працягнулася святочная імпрэза прэзентацыяй нацыянальных страў. Тут можна было паспрабаваць прысмакі як беларускай нацыянальнай кухні, так і іншых народаў – армянскай, мардоўскай, рускай, украінскай, таджыкскай. Нельга не ўзгадаць пра выставу хлябоў, падрыхтаваную ўдзельнікамі народнага клуба аматараў беларускай нацыянальнай кухні “Разынка” з Шуміліна. Смачнай і незвычайнай была ежа ў аматарскага аб’яднання стараверскай кухні, гульні і абрад “Стараверскія страпухі” з Шаркаўшчынскага раёна.

Калектывы мастацкай творчасці і індывідуальныя выканаўцы прадставілі сваё майстэрства на сцэне раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Тут гучалі песні, вершы, музыка на розных мовах. Па выніках абласнога свята лепшыя ўдзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі і прызамі. У намінацыі “Вакальная творчасць” сярод ансамбляў лепшай прызнана вакальная група “Раксалана” з Лепельскага раёна. Дыпломамі лаўрэата І ступені ў гэтай жа намінацыі сярод салістаў адзначаны Анатоль Пашчанка з Полацка і Марына Андзіна з Ушач. У намінацыі “Тэатральнае мастацтва” перамогу атрымаў аматарскі тэатр “Менора” яўрэйскага грамадскага аб’яднання “Мішпаха”, які прадставіў інсцэніроўку “Будзь здароў, Саламон!”. Не абышлося і без выступлення народнага яўрэйскага нацыянальнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля “Віцебскія дзяўчаты” Цэнтра культуры “Віцебск”, якія выканалі папуры яўрэйскіх песень і яўрэйскую польку, за што былі ўзнагароджаны дыпломамі ІІ ступені ў двух намінацыях.

Усіх прысутных здзівілі выступленні калектываў з суседніх краін – Расіі і Латвіі – фальклорны калектыў “Душегрея” з Себежа і харэаграфічны калектыў “Атсполите” з Дагды.

На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі Рэспубліканскага журы, якое напачатку наступнага года вылучыць удзельнікаў заключных мерапрыемстваў Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, што адбудзецца ў чэрвені 2020 года ў горадзе Гродна.

Дадзенае свята яшчэ раз паказала тое, што кожная нацыянальнасць і культура – гэта нібыта кветкі ў агульным вянку нашай краіны, а наша зямля – гасцінная і шматнацыянальная, дзе мы жывём ў міры і згодзе!

Андрэй Струнчанка.

Теги : Верхнедвинск, Верхнедвинский район, культура
Версия для печати