Аб правядзенні абласнога літаратурнага конкурсу імя Петруся Броўкі
Да 1 кастрычніка працягваецца падача заявак для ўдзелу ў абласным літаратурным конкурсе імя Петруся Броўкі, аб'яўленым Віцебскім аблвыканкамам у адпаведнасці з рашэннем № 150 ад 27 лютага 2026 г.
Літаратарам, працоўным калектывам, установам культуры і адукацыі прапануецца згодна з зацверджанай інструкцыяй накіраваць свае прапановы ва ўпраўленне культуры аблвыканкама.
Вынікі конкурсу будуць падведзены да канца 2026 года.
|
ІНСТРУКЦЫЯ аб парадку арганізацыі і правядзення ў 2026 годзе абласнога літаратурнага конкурсу імя Петруся Броўкі, зацверджаная рашэннем Віцебскага аблвыканкама № 150 ад 27 лютага 2026 г.
|
1. Дадзеная Iнструкцыя вызначае парадак арганізацыі і правядзення ў 2026 годзе абласнога літаратурнага конкурсу імя Петруся Броўкі (далей – конкурс).
2. Арганізатарам конкурсу з’яўляецца аблвыканкам.
3. Мэты правядзення конкурсу:
ушанаванне памяці народнага пісьменніка Беларусі, ураджэнца Ушацкага раёна Віцебскай вобласці Пятра Усцінавіча Броўкі;
заахвочванне творчай актыўнасці літаратараў Вiцебскай вобласці;
павышэнне прэстыжу творчай працы ў літаратурнай сферы, публіцыстыцы, жанры дакументальнай прозы, краязнаўстве;
стымуляванне таленавітых аўтараў рэгіёна.
4. Конкурс праводзяцца па трох намінацыях:
”Проза“ (раман, аповесць, апавяданне, эсэ, творы літаратурнай крытыкі, публіцыстыкі, драматургii, дзіцячая проза);
”Паэзiя“ (зборнік вершаў, паэма, вершы для дзяцей);
”Краязнаўчая літаратура“ (краязнаўчыя і навукова-папулярныя гістарычныя публікацыі, накіраваныя на папулярызацыю гісторыі Віцебскай вобласці, асобных раёнаў і населеных пунктаў).
5. Для ўдзелу ў конкурсе аўтар або калектыў аўтараў літаратурнага твора (далей – удзельнік) самастойна або праз працоўныя калектывы, грамадскія аб'яднанні, установы культуры альбо адукацыі, юрыдычных асоб, на якіх ускладзены функцыі рэдакцый сродкаў масавай інфармацыі, да 1 кастрычніка 2026 г. уключна ва ўпраўленне культуры аблвыканкама накіроўвае:
кароткія біяграфічныя звесткі аб удзельніку;
заяўку ўдзельніка або пратакол сходу працоўнага калектыву, пасяджэння кіруючага органа грамадскага аб'яднання, ліст установы культуры альбо адукацыі, юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродкаў масавай інфармацыі, аб вылучэнні ўдзельніка з адзнакай аб намінацыі, у якой ён прадстаўляецца;
літаратурны твор у двух экзэмплярах;
артыкулы, рэцэнзіі і водгукі аб літаратурным творы ў сродках масавай інфармацыі альбо іх копіі (пры наяўнасці).
6. Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца ўдзельнікі, якія апублікавалі літаратурныя творы на беларускай або рускай мове на працягу чатырох гадоў да моманту правядзення ці ў год правядзення конкурсу.
Усе творы, накіраваныя ўдзельнікамі, павінны быць новымі. Для зборнікаў апавяданняў, п'ес, нарысаў і вершаў новыя творы, раней не апублікаваныя ў іншых кнігах і зборніках, павінны складаць не менш як 50 працэнтаў ад агульнай колькасці твораў. Перавыданні раней апублікаваных твораў, нават пры ўнясенні ў іх змяненняў і дапаўненняў, не могуць быць накіраваны на конкурс. Пры наяўнасці падстаў літаратурны твор можа накіроўвацца камісіяй на дадатковае знешняе рэцэнзаванне і статыстычны аналіз твора на прадмет навізны прадстаўленых публікацый.
7. Для вызначэння пераможцаў конкурсу ствараецца абласная камісія (далей – камісія), у склад якой уваходзіць не менш за дзевяць чалавек з ліку прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, найбольш аўтарытэтных літаратараў, крытыкаў, літаратуразнаўцаў, работнікаў культуры, грамадскіх дзеячаў. Склад камісіі зацвярджаецца распараджэннем намесніка старшыні аблвыканкама, які курыруе сферу культуры.
8. Крытэрыямі ацэнкі літаратурных твораў удзельнікаў з'яўляюцца:
літаратурна-мастацкі ўзровень літаратурнага твора;
навізна літаратурнага твора;
актуальнасць тэмы літаратурнага твора;
наяўнасць сучасных літаратурных падыходаў да распрацоўкі тэмы;
зацвярджэнне агульначалавечых каштоўнасцей і ідэй гуманізму.
9. Пераможца ў папярэднім конкурсе да ўдзелу ў конкурсе дапускаецца паўторна не раней чым праз 3 гады пасля атрымання перамогі.
10. Рашэнне аб вызначэнні пераможцаў прымаецца большасцю галасоў членаў камісіі, якiя прысутнічаюць на пасяджэнні. Пасяджэнне камісіі лічыцца правамоцным пры наяўнасці не менш за дзве трэці яе складу. Пры роўным размеркаванні галасоў прымаецца рашэнне, за якое прагаласаваў старшыня камісіі.
У выпадку ўдзелу ў конкурсе аўтара літаратурнага твора, які з’яўляецца членам камісіі, ён не прымае ўдзел у пасяджэннях камісіі.
Рашэнне камісіі аб вызначэнні пераможцаў афармляецца пратаколам, які зацвярджаецца намеснікам старшынi аблвыканкама, што курыруе сферу культуры.
11. Пераможцу конкурсу ў дату, вызначаную ўпраўленнем культуры
аблвыканкама, ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаецца дыплом і грашовае ўзнагароджанне ў памеры 30 базавых велічынь.
У выпадку перамогі двух або больш аўтараў у адной намінацыі, а таксама калектыву аўтараў кожнаму з іх прысвойваецца званне лаўрэата, уручаецца дыплом, а грашовае ўзнагароджанне дзеліцца паміж імі на роўныя долі.
Пры адсутнасці ў адной з намінацый удзельнікаў з літаратурнымі творамі, якія адпавядаюць крытэрыям, абазначаным у пункце 8 дадзенай Інструкцыі, камісія можа прыняць рашэнне пра ўзнагароджанне аўтараў літаратурных твораў у адной з астатніх намінацый з выплатай двух грашовых узнагароджанняў у адной намінацыі.
12. Фінансаванне расходаў на правядзенне конкурсу ажыццяўляецца за кошт сродкаў абласнога бюджэту, прадугледжаных упраўленню культуры аблвыканкама для гэтай мэты.