Прыёмная выканкама
210010, г.Віцебск, вул.Гогаля, 6
e-mail: oik@vitobl.by
Тэлефон: (+375-212) 48-11-55
Факс: (+375-212) 48-11-56
Віцебскі абласны выканаўчы камітэт
Дзелавое супрацоўніцтва

Фестываль "Вытокі. Крок да Алімпу" стартуе ў Полацку

12.08.2022  Полацк пятым сярод беларускіх гарадоў гасцінна прымае спартыўна-культурны фестываль "Вытокі. Крок да Алімпу". Свята стартуе сёння з прэс-туру для рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным алімпійскім камітэце.

У 13.00 удзельнікі форуму на тэрыторыі былога езуіцкага калегіума наведаюць галерэю філіяла Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, мемарыяльны комплекс памяці ахвяр "Урочышча Пяскі", адно з вядучых прадпрыемстваў "Полацк-Шкловалакно" і гістарычны будынак Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта (ПДУ), дзе раней знаходзілася езуіцкая акадэмія.

Прадоўжыць праграму першага дня фестывалю семінар, дзе абмяркуюць актуальныя пытанні падрыхтоўкі спартсменаў. Дыскусія пачнецца ў 15.00 у ПДУ, у ёй прымуць удзел спецыялісты БДУФК, Вышэйшай школы трэнераў, спартыўных арганізацый паўночнага рэгіёна. Алімпійскія каштоўнасці і дасягненні беларускіх атлетаў прадэманструюць на семінары-практыкуме Беларускай алімпійскай акадэміі.

З творчасцю майстроў маляванкі госці і ўдзельнікі фестывалю пачнуць знаёмства ў 16.00 у гарадскім Доме культуры. Там у жадаючых будзе магчымасць стварыць памятны сувенір сваімі рукамі. Яшчэ адзін майстар-клас па набіванцы адбудзецца на дзве гадзіны пазней. Меладычным завяршэннем першага дня "Вытокаў" у фестывальным Полацку стане канцэрт арганнай музыкі Валерыя Шмата.

Усе падзеі другога дня маштабнага свята разгорнуцца на плошчы Свабоды. У 11.00 у суботу там пачнуць працаваць выстава-продаж "Беларускія брэнды", зона сямейнага адпачынку і фуд-корт. З 13.00 да 17.00 гасцям прапануюць паўдзельнічаць у алімпійскім квесце, прадэманстраваць фізічную падрыхтоўку і спрытнасць у розных конкурсах, у тым ліку па спартыўным арыентаванні. Дарэчы, паказаць сябе можна будзе па больш як 20 відах спорту, сярод якіх лёгкая і цяжкая атлетыка, бокс, баскетбол, валейбол, веласпорт, футбол, гандбол і не толькі. Самых здольных удзельнікаў чакаюць каштоўныя прызы.

Расійскія гарады-пабрацімы Полацка - Вялікі Ноўгарад і Вялікія Лукі - упершыню прадставяць на фестывалі свае пляцоўкі. Прадстаўнікі Себежа і Пскова стануць удзельнікамі алімпійскага квеста. Таксама свае лакацыі прапануюць Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, генеральны спонсар НАК ААТ "Белаграпрамбанк", МНС, Беларуская алімпійская акадэмія, Навукова-практычны цэнтр спорту і Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва. Гасцям фестывалю прапануюць зрабіць сэлфі на фоне гоначнага грузавіка каманды "МАЗ-СПОРТаўта".

Беларускія дызайнеры, вытворцы і прадпрымальнікі ў 17.00 прэзентуюць калекцыі адзення праекта "Роднае - моднае". Можна будзе не толькі паглядзець на стыльныя ўборы, але і набыць тое, што спадабалася. Знатакі музычнага мастацтва атрымаюць асалоду ад прыемных матываў у час вакальнага конкурсу для маладых выканаўцаў. Вызначаць лепшых з іх пачнуць у 18.00, акрамя прызоў лаўрэатаў чакаюць майстар-класы вядучых настаўнікаў краіны.

Канцэртна-забаўляльную праграму "Вытокаў" у 20.00 дапоўняць выступленні артыстаў беларускай эстрады, а затым фестывальнае неба над Полацкам расквеціць святочны феерверк.

"Вытокi. Крок да Алiмпу" прымалі ўжо Рэчыца, Столін, Навагрудак і Горкі. Пасля Полацка спартыўна-культурнае свята парадуе жыхароў і гасцей Капыля. Там фестываль, мэта якога раскрыць патэнцыял рэгіёнаў праз спорт, культуру, навуку і адукацыю, адбудзецца 26-27 жніўня.

"БЕЛТА"

Версия для печати