Прыёмная выканкама
210010, г.Віцебск, вул.Гогаля, 6
e-mail: oik@vitobl.by
Тэлефон: (+375-212) 48-11-55
Факс: (+375-212) 48-11-56
Віцебскі абласны выканаўчы камітэт
Дзелавое супрацоўніцтва

Лукомская ДРЭС будзе мадэрнізавана

15.11.2022  На Лукомскай ДРЭС, якая выпрацоўвае 30-35 працэнтаў усёй электраэнергіі ў Беларусі, будуць планамерна праводзіць мадэрнізацыю. Аб гэтым журналістам расказаў генеральны дырэктар РУП "Віцебскэнерга" Андрэй Панчанка.

Самую буйную ДРЭС краіны пасля запуску Беларускай АЭС планавалі аптымізаваць і перавесці ў рэзервовы рэжым, каб тут маглі папаўняць выпрацоўку электраэнергіі ў час планавых рамонтных работ на атамнай электрастанцыі. "Нягледзячы на тое, што на БелАЭС падключаны адзін энергаблок, а другі плануюць уключыць у 2023 годзе, Лукомская ДРЭС усё яшчэ застаецца флагманам энергетыкі Беларусі. Гэта самы вялікі філіял, які ўваходзіць у сістэму РУП "Віцебскэнерга", тут працуюць амаль 1,6 тыс. чалавек. Гэта магутная электрастанцыя, якая забяспечвае 30-35 працэнтаў ад усёй электраэнергіі краіны. І мы, і кіраўніцтва Мінэнерга лічым, што ДРЭС павінна развівацца і далей, на станцыі будзем праводзіць планамерную мадэрнізацыю. Тут калектыў прафесіянальны, ні ў якім выпадку яго страчваць нельга. Блокі ўсе будуць працаваць. Я бачу толькі перспектывы гэтай станцыі", - падкрэсліў Андрэй Панчанка.

"Наша станцыя з'яўляецца замыкаючай. Што гэта значыць? Калі на АЭС праходзіць планава-папераджальны рамонт, у тым ліку парагазавых установак, або праводзіцца інспекцыя з прыцягненнем замежных спецыялістаў, то Лукомская ДРЭС падключае сваё абсталяванне на выпрацоўку той электраэнергіі, якая выпрацоўвалася раней на рамантуемым абсталяванні БелАЭС. На гэты момант мы займаемся будаўніцтвам пікава-рэзервовай крыніцы, гэта рэжымна-інтэграцыйнае мерапрыемства пасля ўводу БелАЭС, якое праходзіць не толькі ў нас, але і на трох іншых буйных пляцоўках - у Бярозе, Мінску, Наваполацку", - падзяліўся выконваючы абавязкі дырэктара Лукомскай ДРЭС Кірыл Мацарскі.

Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, які наведаў упершыню Лукомскую ДРЭС, адзначыў, што электрастанцыя яго ўразіла. Ён азнаёміўся з яе работай, распытаў аб перспектывах і сустрэўся з калектывам прадпрыемства. "Мэта майго прыезду сюды - азнаёміцца ў тым ліку з Чашніцкім раёнам. Мы збіраемся тут правесці абласныя "Дажынкі" ў 2025 годзе і зрабіць іх незвычайна, на два гарады - Чашнікі і Новалукомль. Таксама хочам паглядзець, куды мы далей будзем развівацца, выпрацаваць адзіныя падыходы і шляхі, як тут прыбавіць, у чым можна прырасці. У энергетычнай сістэме ўсёй Беларусі Лукомская ДРЭС з'яўляецца важкім складнікам. Я тут упершыню, уражанні ад аб'екта моцныя. Тэхналогіі тут і савецкія, даволі моцныя, і сучасныя - з газатурбіннымі ўстаноўкамі, дзе ККД большы. Я думаю, тут можна развіваць і прамысловы турызм", - адзначыў кіраўнік вобласці.

На сустрэчы з калектывам ДРЭС Аляксандр Субоцін абмеркаваў важныя пытанні, якія хвалявалі мясцовых энергетыкаў, расказаў аб планах на Чашніцкі раён і абазначыў асноўныя напрамкі развіцця вобласці ў цэлым.

"БЕЛТА"

Версия для печати