Прыёмная выканкама
210010, г.Віцебск, вул.Гогаля, 6
e-mail: oik@vitobl.by
Тэлефон: (+375-212) 48-11-55
Факс: (+375-212) 48-11-56
Віцебскі абласны выканаўчы камітэт
Дзелавое супрацоўніцтва

Сталі вядомы падрабязнасці новых праектаў на "Славянскім базары"

01.06.2021  У Летнім амфітэатры сёння прайшла прэс-канферэнцыя арганізатараў маючага адбыцца юбілейнага міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Генеральны дырэктар цэнтра культуры "Віцебск", дырэктар фестывалю мастацтваў Глеб Лапіцкі расказаў, што заяўленыя раней праекты, конкурсы і канцэрты адбудуцца. Больш за 30 удзельнікаў плануюць прыняць удзел у дарослым і дзіцячым конкурсах. За актуальнай афішай канцэртаў са спісам удзельнікаў можна сачыць на афіцыйным сайце фестывалю.

Начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі адзначыў, што атмасферу фестывалю будуць ствараць і нацыянальная культура з раёнаў вобласці. "Усе рэгіёны будуць удзельнічаць у праектах на многіх пляцоўках фестывалю. Філармонія, абласны цэнтр народнай творчасці, музеі падрыхтавалі цудоўную праграму", - падкрэсліў ён.

Па традыцыі будзе працаваць кірмаш у Задзвінні, "Горад майстроў" па вул. Пушкіна, Суворава. Работы мастакоў, рамеснікаў і народных умельцаў насыцяць вуліцы фестывальнага горада. У абласным краязнаўчым музеі ў час "Славянскага базару" адкрыюцца пяць выстаў. Публіцы прадставяць філатэлістычныя экспанаты з 80 калекцый збіральнікаў розных краін свету. З Расіі прывязуць выставу хахламы і шыцця. У дні форуму музей будзе працаваць даўжэй, чым звычайна.

Дырэктар абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука расказала, што ў горадзе пройдзе конкурс мажарэтак і барабаншчыц. На пл. Свабоды арганізуюць конкурс традыцыйнага бытавога танца "Танчым разам", які збярэ каля 500 удзельнікаў. "З імі хочам правесці флэш-моб: разам з танцавальнымі калектывамі ў нацыянальных касцюмах зрабіць вялікі карагод, а затым прайсціся па вуліцах горада. Да нас прыедуць канкурсанты з розных куткоў краіны і ўсе ў касцюмах свайго раёна, якія вызначаюцца каляровай разнастайнасцю", - дадала Кацярына Лабука, адзначыўшы, што масавае шэсце ўдзельнікаў стане яркай падзеяй і надасць нацыянальны каларыт фестывалю. Акрамя беларусаў, у народных праектах плануюць прыняць удзел калектывы з Украіны і Расіі.

На пляцоўках Віцебска выступяць духавыя аркестры, пройдзе конкурс глінянай цацкі, майстар-класы па яе вырабе. Таксама арганізатары збіраюцца запусціць з "Беларусьфільмам" кінатэатр пад адкрытым небам. Для тэатральнай публікі Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа пакажа сваю праграму. Беларускі тэатр "Лялька" восьмы раз прадставіць стаўшы ўжо папулярным "Лялечны квартал". Творчыя калектывы з Беларусі, Расіі і Украіны пакажуць спектаклі для дзяцей і дарослай публікі. Віцебская філармонія рыхтуе джазавы праект, а таксама канцэрты сваіх калектываў. У парку "Мазурына" пройдзе чэмпіянат па аўтагуку і фестываль фарбаў Holi Fest. Таксама арганізатары запрашаюць на Дзень моладзі.

"Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 14 па 19 ліпеня. Урачыстая цырымонія адкрыцця фестывалю адбудзецца 15 ліпеня, закрыцця - 18 ліпеня.

БЕЛТА.


Версия для печати