Главная > Новости

На Глыбоччыне пройдзе вечар памяці, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння ксяндза Ёзаса Булькі

23.12.2015

«Ёзас Булька: пропаведзь даўжынёй у жыццё». Пад такой назвай у аграгарадку Удзела Глыбоцкага раёна 27 снежня пройдзе вечар памяці, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння былога пробашча касцёла Святой Ганны ў Мосары.

У удзелаўскім цэнтры культуры ўзгадаюць падзеі з жыцця ксяндза, асоба якога стала легендай, што падмацоўваецца яркімі ўспамінамі тых, каму давялося з ім супрацоўнічаць. Распачне мерапрыемства Святая Імша ў мосарскім касцёле, якая адбудзецца а 13-й гадзіне, паведамілі ў прэс-службе Віцебскай дыяцэзіі.

Нагадаем, святара не стала ў 2010-м. Больш за 20 гадоў Ёзас Булька нёс сваё служэнне Богу, адраджаючы веру ў душах людзей. Ён стаў шырока вядомы ў Беларусі і за яе межамі як прапагандыст здаровага ладу жыцця. Ксёндз выступіў ініцыятарам стварэння шэрагу аб’ектаў, якія зрабілі Мосар прывабным для турыстаў: антыалкагольны музей, алея цвярознікаў. Дзякуючы святару многія жыхары гэтага населенага пункта і навакольных вёсак перасталі злоўжываць спіртным. Пробашч шмат зрабіў для добраўпарадкавання Мосара: створаны Крыжовы шлях, стадыён, страусавая ферма, дэндрапарк, перад касцёлам узведзены помнік Яну Паўлу II.

Дарэчы, Ёзас Булька стаў першым беларускім каталіцкім святаром, які атрымаў прэмію «За духоўнае адраджэнне». Акрамя таго, указам Прэзідэнта ксёндз узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Вольга Булаўка, “Витебские вести”.