Шаркаўшчына прымала фіналістаў абласнога конкурсу дзіцячай творчасці «Лепш за ўсіх!»

Шаркаўшчына прымала фіналістаў абласнога конкурсу дзіцячай творчасці «Лепш за ўсіх!»

Фіналістаў абласнога конкурсу дзіцячай творчасці «Лепш за ўсіх!» прымала Шаркаўшчына, дзе мерапрыемства праходзіць у трэці раз.

55 удзельнікаў ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў, якія прадстаўлялі раёны вобласці, Віцебск і Наваполацк, дэманстравалі сваё майстэрства ва ўтульнай, па-сучаснаму абсталяванай новай светлавой і гукаўзмацняльнай апаратурай гля­дзельнай зале раённага цэнтра культуры. Канкурсанты выступалі ў вакальнай, харэаграфічнай, інструментальнай, тэатральнай намінацыях і арыгінальным жанры, а таксама прадставілі работы ў выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Усе загадзя рыхтаваліся з непераадольным жаданнем перамагчы ў конкурсе. У кожнага была свая група падтрымкі ў глядзельнай зале.

Свята атрымалася яркім, відо­вішчыным і запамінальным. Падчас антракту ў танцавальнай зале дзяцей весяліў гурт «Зазеркалье» з Наваполацка.

І вось настаў самы хвалюючы момант мерапрыемства. Хто ж, у рэшце рэшт, стане лепшым за ўсіх? Уладальнікам Гран-пры стаў вучань дзіцячай школы мастацтваў № 4 Віцебска Аляксандр Агароднікаў (на фота). Яго вакальны нумар нікога не пакінуў раўнадушным. Гледачы гучна пляскалі ў далоні і крычалі «брава!». А ўсе канкурсанты атрымалі дыпломы і памятныя медалі.

Дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Надзея Уліновіч выказала шчырыя словы ўдзячнасці канкурсантам, а таксама работнікам культуры Шаркаўшчынскага раёна, якія арганізавалі для гасцей свята цёплы сяброўскі прыём.

МЕРКАВАННІ:

Аляксандр АГАРОДНІКАЎ, уладальнік Гран-пры абласнога конкурсу «Лепш за усіх!»:

– Я шосты год займаюся ў дзіцячай школе мастацтваў № 4 Віцебска. Спяваць люблю з дзяцінства, а калі надарылася магчымасць прыняць удзел у конкурсе – з радасцю згадзіўся. Прызнаюся, што хваляванне прысутнічала, бо за званне лепшага спрачаліся вельмі таленавітыя дзеці з усёй Віцебшчыны. Вялікі дзякуй арганізатарам фестывалю і, канечне ж, гледачам.

Алёна ДЗІЛЬ, кіраўнік узорнай цыркавой студыі «Каскад» раённага Дома культуры г. Паставы:

– Мае выхаванцы выступалі ў арыгінальным жанры, дэманстравалі цыркавое мастацтва. Эвеліна Караткова з пластычным эцюдам «Святло жамчужыны» стала лаўрэатам першай ступені. Трэці раз запар удзельнічаем у фестывалі і заўсёды вяртаемся дадому з узнагародамі, гэта акалічнасць радуе. Удвая прыемней прыязджаць у Шаркаўшчыну, бо на сцэне цэнтральнай клубнай установы гарадскога пасёлка рабіла свае першыя крокі ў прафесію і я, працавала ў былым цыркавым калектыве «Мара». Дзякуй арганізатарам за цёплы прыём!