15 лютага адзначаецца 30-годдзе вываду савецкіх войскаў з Афганістана
У гэты дзень у нашай краіне адзначаецца 30-годдзе вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Гэта апошняя вайна, у якой удзельнічалі беларусы разам з іншымі ваеннаслужачымі саюзных рэспублік.
Данесці да сучаснай моладзі памяць аб гэтай вайне, трагедыю сем'яў і лёсаў, гераічнае мінулае і стаўленне да воінскага абавязку нашых хлопцаў – вось галоўнае. Пераемнасць пакаленняў. Разуменне маладымі людзьмі праблем сутнасці асабістай адказнасці, адказнасці перад сваімі блізкімі, грамадствам і дзяржавай, на прыкладзе канкрэтных людзей і будзе з'яўляцца ўнутраным стрыжнем асобы, які засцерагае ад няправільных учынкаў і замахаў.
Так, думае старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці Антон Волкаў, бацька якога загінуў у лютым 1980 года ў Афганістане ва ўзросце 24 гадоў, выконваючы інтэрнацыянальны воінскі абавязак.
«Мой дзед Волкаў Мікалай, бацька майго бацькі, змагаўся на франтах Вялікай Айчыннай вайны, вярнуўся жывым на радасць сям'і. Цяпер яго ўнукі і праўнукі ў Расіі кожны год на 9 Мая ўдзельнічаюць у шэсці «Бяссмертны полк» у памяць пра дзеда. Памяць майго бацькі Віктара Волкава наша сям'я асабліва шануе ў Беларусі 15 лютага».
Калі загінуў бацька Антона Волкава, яго маці засталася з двухгадовым сынам за тысячы кіламетраў ад блізкіх (радзіма сям'і – г.Томск). Аднак яна не апусціла рукі, працуючы дзясяткамі гадоў на цяжкай абутковай вытворчасці рабочай, выгадавала годнага чалавека – афіцэра органаў пракуратуры Віцебскай вобласці. Антон Волкаў за 20 гадоў службы ўнёс важкі ўклад у справу абароны правоў людзей – расследаваў крымінальныя справы аб асабліва цяжкіх злачынствах, дамагаўся ў судзе справядлівых прысудаў для бандытаў, гвалтаўнікоў і забойцаў, апошнія пяць гадоў займаецца абаронай правоў дзяцей. Шчаслівы бацька сямейства, з жонкай выхоўвае сына і дачку.
У гэтыя памятныя дні Антон Волкаў сустрэўся са старшакласнікамі ДУА «Сярэдняя школа №44 г.Віцебска». Гісторыя яго сям'і выклікала непадробную цікавасць у рабят, а як мяркуе сам ён – будзе спрыяць фарміраванню ў рабят пачуцця адказнасці і патрыятызму. Такая ж сустрэча адбудзецца з выхаванцамі Віцебскага кадэцкага вучылішча.
Група па наглядзе
за выкананнем
заканадаўства аб непаўналетніх
і моладзі пракуратуры вобласці