17 таленавітых урачоў паўночнага рэгіёну змагаліся за званне лепшага маладога спецыяліста

17 талантливых врачей северного региона боролись за звание лучшего молодого специалиста

У межах абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства сярод маладых спецыялістаў арганізацый аховы здароўя Віцебскай вобласці пачаткоўцы медыкі прадэманстравалі свае веды, практычныя навыкі і творчы патэнцыял.

Конкурсная праграма складалася з некалькіх тураў, якія ўключалі бліц-пытанне на веданне медыцынскіх фактаў, ацэнку практычных навыкаў з выкарыстаннем сімуляцыйнага абсталявання і спецыялізаваныя заданні, як, напрыклад, вязанне хірургічных вузлоў, ідэнтыфікацыя інструментаў і вырашэнне складаных клінічных задач.

Таксама акрамя прафесійных выпрабаванняў удзельнікі прадставілі відэаролікі на тэму «Чаму мая прафесія лепшая» і прадэманстравалі свае таленты ў творчым конкурсе «Працаваць. Тварыць. Радзіму любіць».

– Сёння вам трэба будзе прадэманстраваць свае практычныя навыкі ў сімуляцыйным асяроддзі. Мы падрыхтавалі чатыры станцыі з рознымі заданнямі, накіраванымі на ацэнку вашай гатоўнасці да рэальных выклікаў прафесіі. На першай станцыі сутыкнецеся з дыферэнцыяльнай дыягностыкай захворвання ў пацыента ў крытычным стане. Другая звязана з інтэрпрэтацыяй выніку рэнтгенаўскага даследавання органаў грудной клеткі. На трэцяй кропцы неабходна ўспомніць правілы неадкладнай медыцынскай дапамогі пры захворваннях унутраных органаў. Чацвёрты этап уключае клінічную сітуацыю, звязаную з пераліваннем донарскай крыві і яе кампанентаў. На праходжанне кожнай станцыі адводзіцца 5 хвілін. Памятайце, што галоўнае ў нашай прафесіі – не толькі глыбокія веды і адточаныя навыкі, але і ўменне хутка прымаць рашэнні і захоўваць спакой у стрэсавых сітуацыях, – звярнуўся да ўдзельнікаў начальнік сімуляцыйна-атэстацыйнага цэнтра ВДМУ, дацэнт Віктар Рэндзенка.

Урач-псіхіятр-нарколаг абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі Ганна Яфімава лічыць, што такія мерапрыемствы не толькі павышаюць узровень прафесійнай падрыхтоўкі, але і спрыяюць абмену вопытам паміж маладымі спецыялістамі з розных куткоў паўночнага рэгіёна.

– Калі на працы прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе, без роздумаў пагадзілася. Для мяне гэта цудоўная магчымасць выйсці з зоны камфорту, папрактыкавацца ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных, праверыць, наколькі аператыўна магу прымаць важныя рашэнні. Упэўнена, кожны з нас атрымае каштоўны досвед, які стане стымулам для далейшага развіцця, – сказала Ганна Яфімава.

Для ўрача ультрагукавой дыягностыкі Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы Марыі Грыгор'евай медыцына заўсёды стаяла на першым месцы.

– Вырашыла звязаць жыццё з медыцынай, таму што лічу гэта сваім прызваннем. Я першы ўрач у сям'і і вельмі ганаруся гэтым. Сёння змагла акунуцца ў атмасферу студэнцтва, калі з аднагрупнікамі адточвала свае практычныя навыкі на манекенах. Выдатна, што для нас, канкурсантаў, падрыхтавалі заданні па розных медыцынскіх профілях. Кожны змог цалкам раскрыцца ў сваёй спецыялізацыі. Спадабалася заданне, звязанае з лабараторнай дыягностыкай. Складанасці ўзніклі з чытаннем рэнтгенаўскага здымка, бо гэта не мой профіль. Па адчуваннях справілася з усімі заданнямі нядрэнна. Лічу, што ў медыцыне павінна прысутнічаць канкурэнцыя. Без яе не будзе росту, – падкрэсліла Марыя Грыгор'ева.

Завяршыла конкурсную праграму ўрачыстае мерапрыемства ў абласной клінічнай бальніцы. Там маладых спецыялістаў чакаў бліц-апытанне з 15 пытанняў на медыцынскую тэматыку і незабыўная канцэртная праграма.

Па выніках выпрабаванняў кампетэнтнае журы выбрала пераможцаў у трох намінацыях: «Лепшы малады спецыяліст хірургічнага профілю», «Лепшы малады спецыяліст педыятрычнага профілю» і «Лепшы малады спецыяліст тэрапеўтычнага профілю».

"Віцебскія весці"