Аграрыям Віцебскай вобласці трэба захаваць тэмп нарыхтоўкі травяных кармоў - Леанід Заяц

Аграрыям Віцебскай вобласці трэба захаваць тэмпы нарыхтоўкі травяных кармоў. Пра гэта заявіў сёння ў Віцебску на пасяджэнні аблвыканкама па пытаннях уборачнай кампаніі ў рэгіёне міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.

"Нарыхтоўка кармоў - сур'ёзная кампанія, тэмпы якой з пачаткам уборкі збожжавых культур нельга зніжаць на працягу ўсяго вегетацыйнага перыяду", - падкрэсліў міністр. Паводле яго слоў, у Віцебскай вобласці ў цяперашні час нарыхтавана на 1,8 ц. кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы менш у параўнанні з узроўнем мінулага года. Разам з тым ураджай на полі ёсць: пасля багатых ападкаў вельмі інтэнсіўна пайшлі у рост шматгадовыя травы: канюшына, люцэрна, злакавыя.

"Пры разумнай арганізацыі работ у кожнай гаспадаркі вобласці ёсць магчымасць забяспечыць закладку травяных кармоў у неабходных колькасцях пад поўную патрэбу жывёлагадоўлі. Трэба вельмі эфектыўна і эканомна размеркаваць сілы і сродкі, каб забяспечыць добрую зімоўку жывёлы, фарміраваць зборныя атрады і мабільныя групы з двух-трох гаспадарак, якія будуць весці корманарыхтоўку", - сказаў Леанід Заяц. Ён нагадаў пра патрабаванне Прэзідэнта забараніць перакідку кармоў з гаспадаркі ў гаспадарку, так як гэтыя манеўры суправаджаюцца вялікімі выдаткамі. Міністр звярнуў увагу на ход рэалізацыі рэгіянальнай праграмы Віцебскай вобласці па будаўніцтве сенажных траншэй. "У гэтым годзе плануецца пабудаваць 219. Пабудавана 56, у рабоце - 122 і яшчэ 54 неабходна пачаць. Гэтая работа павінна быць на пастаянным кантролі", - дадаў ён.

БЕЛТА.