Аляксандр Позняк падчас правядзення «прамой лініі» адзначыў, што гэта адзін са спосабаў узаемадзеяння ўлады з людзьмі, для якіх улада ж і працуе
Асаблівасцю цяперашніх тэлефонных зваротаў стала тое, што яны былі рознай тэматыкі, датычыліся абсалютна розных бакоў жыццядзейнасці грамадзян. Але былі сярод іх і тыя, якія перыядычна гучаць, аднак іх вырашэнне патрабуе часу. На жаль, менавіта такім стаў пытанне выплаты запазычанасці па зарплаце былым супрацоўнікам абанкруцелага ААТ «КІМ».
Перад прадпрыемствам пастаўлена задача выдаць людзям грошы, для гэтага арганізавана праца па продажы маёмасці. Таксама «КІМ» разлічваецца і з наяўнымі даўгамі. Па словах Аляксандра Рыгоравіча, гэтае пытанне сёння на кантролі не толькі ў яго, але і ў канцэрна «Беллегпрам». Для таго, каб паскорыць працэс, зроблена ўсё, так што застаецца толькі чакаць.
З ліку чаканых і паліклініка ў мікрараёне Юг-7, людзі цікавяцца, калі яна будзе дабудавана. Усё ўпіраецца ў фінансы, аднак шукаюцца магчымасці, каб работы на аб'екце працягваліся. Сродкі, прадугледжаныя на гэты год, асвоены, гатоўнасць паліклінікі складае 40%. У планах унесці яе ў абласную інвестпраграму на 2017 год, прапрацоўваецца і варыянт прыцягнення інвестараў.
А вось каб прывесці ў парадак тэрыторыю былой лесапільні ў вёсцы Ярава Постаўскага раёна, ніякага інвестара не патрабуецца, а патрэбна толькі ўвага з боку мясцовай улады. У гэтым пераканана жыхарка вёскі Часлава Чаславаўна, участак якой суседнічае з невыкарыстоўваемым аб'ектам.
– Ёсць жа ўказ прэзідэнта аб добраўпарадкаванні закінутых тэрыторый. А тут усё зарасло, і на мой участак ідзе бацвінне! Аддалі б за адну базавую, я і бізнес-план напісала, як лесапільню можна выкарыстоўваць, – расказала жанчына. Аляксандр Пазняк падзякаваў ёй за
неабыякавасць і адразу ж перагаварыў па тэлефоне са старшынёй Пастаўскага райвыканкама Віктарам Гуторавым. Ён паабяцаў узяць сітуацыю пад кантроль.Маментальна адрэагаваў і генеральны дырэктар Віцебскага канцэрна «Мяса-малочныя прадукты» Віктар Славецкі пасля таго, як з ім звязаўся Аляксандр Пазняк і паведаміў пра скаргу на прамую лінію ад Анатоля Паўлавіча з вёскі Шапечына Віцебскага раёна. Аказалася, жыхары гэтага населенага пункта другі месяц не атрымліваюць грошы за малако, здадзенае на Лепельскі малочны камбінат. Літаральна праз паўгадзіны Віктар Браніслававіч паведаміў, што людзям пачалі выдаваць належныя грошы.
Ад Анатоля Паўлавіча прагучала яшчэ адно пытанне – норма спажывання вады на чалавека ў сельскай мясцовасці. Тут не ўлічваецца, што на вёсцы ёсць падсобная гаспадарка, а ў мужчыны дзве каровы, так што ў прадпісаную норму яму ніяк не ўкласціся. Аляксандр Рыгоравіч адзначыў, што на заканадаўчым узроўні гэтыя моманты не прапрацоўваліся, аднак іх трэба абмяркоўваць з дэпутатамі і шукаць аптымальнае рашэнне.
Былі пытанні, якія тычацца жыллёвага фонду, перапіска па якіх ідзе не першы год: прамярзаюць у доме сцены, неабходны капітальны рамонт старой шматпавярхоўкі. Памочнік Прэзідэнта даручыў Віцебскаму гарвыканкаму ў іх неадкладна і дэталёва разабрацца.
Нялёгкая задача і ў Полацкага райвыканкама. Маладой сям'і ў Экімані выдзелілі ўчастак для будаўніцтва дома ў 2010 годзе. Жыллё ўзвялі, а потым выпадкова даведаліся, што па тэрыторыі ўчастка праходзіць каналізацыя, калі яна прарвала. Аказалася, што гэтыя трубы ляжаць з савецкіх часоў, але па дакументацыі іх там няма. Цяпер Кацярына Лапеза і яе сям'я не могуць узвесці прадугледжаныя праектам пабудовы. А каб вынесці трубы за межы ўчастка, патрэбны немалыя сродкі. Аляксандр Пазняк даручыў мясцовым органам улады выехаць на месца і паглядзець, што можна зрабіць у дадзенай сітуацыі.
Гучалі пытанні, якія тычацца ўзаемаадносін фізічных асоб, калі нешта не падзялілі або не знайшлі ўзаемаразумення.
– Ёсць рашэнне суда, аднак чалавек лічыць, што выканаўчая ўлада можа ўмяшацца. Але ж яна не ўправе замяняць суды.
У гэтым і заключаецца ідэя прававой дзяржавы: кожная галіна ўлады прымае рашэнні ў межах сваіх паўнамоцтваў і кампетэнцый, – акцэнтаваў увагу Аляксандр Рыгоравіч.
Падводзячы вынікі, памочнік Прэзідэнта – галоўны інспектар па Віцебскай вобласці рэзюмаваў:
– «Прамыя лініі» вельмі каштоўныя для людзей і для ўлады, каб улада не спала і разумела, што трэба дапамагаць грамадзянам, рабіць жыццё лепш. Бо ад дабрабыту насельніцтва залежыць дабрабыт дзяржавы. З аднаго боку, я не задаволены, як некаторыя пытанні вырашаюцца, з другога, задаволены, што некаторыя здымаліся адразу пасля тэлефоннага званка. Што тычыцца дэфіцыту фінансаў, то гэта не нагода не вырашаць праблемы. Ва ўсе часы грошай не хапае, тут усё залежыць ад узроўню запытаў. Але ў гэтым і заключаецца задача: знайсці выйсце з сітуацыі, можа, з прыцягненнем бюджэтных або пазабюджэтных сродкаў, альбо прапанаваць нейкае іншае рашэнне. Але пакідаць без увагі просьбу чалавека нельга.
Вольга Маслоўская. Фота Дзмітрыя АСІПОВА. «Віцебскія весці».