Аляксандр Рагожнік правёў прамую тэлефонную лінію з жыхарамі рэгіёна

Александр Рогожник провел прямую телефонную линию с жителями региона

Аляксандр Рагожнік правёў прамую тэлефонную лінію з жыхарамі рэгіёна

13.07.2026

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік правёў прамую тэлефонную лінію з жыхарамі рэгіёна.

 

З 33 зваротаў, што паступілі ў ходзе дыялогу ў фармаце відэаканферэнцсувязі, у 20 выпадках тэлефанавалі жыхары абласнога цэнтра. Пераважна закраналіся пытанні, звязаныя са сферай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, добраўпарадкавання. Аб дрэнным стане дарожнага пакрыцця сігналізавалі жыхары Браслаўскага раёна і Рубы.

Сумнае лідарства

З зваротам наконт бягучага даху патэлефанаваў жыхар Заполля Віцебскага раёна. З аграгарадку Акцябрская паступіў сігнал аб тым, што кватэра ў выніку аварыі спачатку пашкоджана вадой, а затым – бітумам з даху. На мокнучыя сцены і прадуваемыя швы паміж панэлямі, з-за чаго ў кватэры з'явілася цвіль, скардзіліся жыхары 9-павярховіка па вуліцы Воінаў-Інтэрнацыяналістаў і па вуліцы Праўды абласнога цэнтра. Адсутнасць гарачай вады ў стояку, якую даводзіцца грэць і насіць вёдрамі, каб памыць хворага, - прычына вялікіх нязручнасцей для сям'і, якая пражывае на праспекце Перамогі. Дзве жыхаркі аднаго пад'езда дома па вуліцы Ленінградскай распавялі свае сумныя камунальныя гісторыі – пасля рамонту ў падвале і прарыву гарачай вады з крана ідзе толькі цяплейшая – заложнікам сітуацыі стаў не ўвесь дом, праблема толькі ў адным стояку. Пажылая чашнічанка паведаміла аб тым, што ўжо сёння думае аб надыходзячай зіме, да якой хоча падрыхтавацца з дапамогай камунальных службаў – падчас маразоў у кватэры холадна.

 

 

З букетам праблем сутыкнуліся віцябляне з шматпавярховіка па Маскоўскім праспекце, 105. Звязаны яны з адсутнасцю смеццевых бакаў, уваходнай дзверы на адным з пад'ездаў, дрэннай працай ліфтоў, раптоўным спрацоўваннем пажарнай сігналізацыі. У гутарцы са зваротніцай становіцца зразумела, што вінаваты не толькі абслугоўваючыя арганізацыі, але і храмае культура саміх жыльцоў.

Па ўсіх гэтых і некаторых іншых адрасах, дзе тэрмінова патрабуецца дапамога, у дзень правядзення прамой лініі старшыня аблвыканкама даручыў адпаведным службам выехаць, пры магчымасці навесці парадак адразу альбо вызначыць алгарытм ліквідацыі недахопаў. Усе яны застаюцца на кантролі кіраўніка абласной улады.

Патрэбна крама? Будзе

З такой просьбай звярнуліся жыхары квартала індывідуальнай жылой забудовы ў Арэхава. Да бліжэйшай крамы на вуліцы 39-й Арміі ў Віцебску далёка, і неабходнасць у гандлёвым аб'екце адчуваецца востра. Аляксандр Рагожнік прапануе выслухаць старшыню Віцебскага гарвыканкама Аляксея Героева аб планах па развіцці інфраструктуры мікрараёна. Як высвятляецца, ужо сфарміраваны горадабудаўнічы пашпарт, адведзены зямельны ўчастак пад краму. На наступным тыдні ён будзе выстаўлены на аўкцыён. Перспектывы цешаць. Тым больш што, як паведаміў Аляксандр Рагожнік, у бліжэйшы час у вобласць заходзіць адна з буйных гандлёвых сетак з арганізацыяй працы 16 крамаў, асваеннем трох пляцовак пад забудову.

 

 

Пляж і мост

Лепяльчанка, якая патэлефанавала на прамую лінію, агучыла просьбу мясцовых жыхароў з нагоды арганізацыі іншага месца для адпачынку гараджан: з-за аварыйнага стану маставога збудавання хадзіць на ранейшы пляж па кароткай дарозе немагчыма, у абход – далёка. Аляксандр Рагожнік даручыў старшыні Лепельскага райвыканкама вызначыць, у што абыдзецца абсталяванне месца адпачынку, пакуль будзе ісці рамонт моста, і што трэба зрабіць, каб забяспечыць бяспечны адпачынак людзей на іншым месцы.   

Зямельныя спрэчкі не ў топе

Менш чым звычайна было пытанняў, звязаных з зямельнымі спрэчкамі. Так, жыхарка Ушач прасіла вылучыць сям'і ўчастак для вядзення прысядзібнай гаспадаркі каля былога клуба, які сям'я набыла пад дом. Цяпер у райцэнтры праходзіць працэдура карэкціроўкі генплана, таму звернутую ў найбліжэйшы час прыме старшыня Ушацкага райвыканкама, каб даць тлумачэнні аб далейшым алгарытме ў вырашэнні яе пытання з захаваннем усіх юрыдычных нормаў.

 

 

 

Зямельная спрэчка з шматгадовай гісторыяй цягнецца ў Барані Аршанскага раёна, але паколькі справа ўжо неаднаразова разглядалася ў судах рознай інстанцыі, адмяніць іх рашэнне прадстаўнікі ўлады не маюць паўнамоцтваў, растлумачыў Аляксандр Рагожнік.

Таксама сярод агучанага падчас правядзення прамой лініі – жаданне пераразмеркаваць выпускніка каледжа для адпрацоўкі па месцы жыхарства, усталяваць "лежачага паліцэйскага" ў прыватным сектары ў Білева, працягнуць маршрут гарадскога транспарту да вуліцы Арэхаўскай, знайсці спадчыннікаў дома ў прыватным сектары, дзе ніхто не жыве і не даглядае ўчастак. Падчас трохгадзіннага дыялогу з кіраўніком абласной выканаўчай улады жыхары Віцебшчыны ўзнімалі не толькі асабістыя праблемы, але і грамадскія, звязаныя з добраўпарадкаваннем двароў, станам абсталявання на дзіцячых пляцоўках. Знайшлося месца і для падзяк. Так, старшыня Кастрычніцкай раённай арганізацыі Віцебска ГА «Беларуская асацыяцыя былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў» Надзея Гракова падзякавала за ўвагу і клопат пра людзей, дзяцінства якіх было перачэркнута вайной, і абмеркавала надзённыя пытанні членаў арганізацыі.

"Віцебскія весці"