Анжаліка Нікіціна павіншавала з Днём ведаў вучняў сярэдніх школ №2 і №21 імя Б.Л. Хігрына ў Воршы
У школе № 21 у гэтым навучальным годзе за парты сядуць 538 вучняў. З іх 42 прыйшлі ў першы клас, і столькі ж у апошні раз святкуюць Дзень ведаў у сценах роднай установы адукацыі.
– Вучні 11-га класа вызначаюцца, а хтосьці ўжо вызначыўся ў сваім жыццёвым шляху. Хачу пажадаць поспехаў у вучобе, мэтанакіраванасці, выбраць справу жыцця па душы, і вярнуцца на малую радзіму, каб рабіць яе лепш, уносіць уклад у працвітанне, – адзначыла намеснік старшыні.
Звяртаючыся да першакласнікаў, Анжаліка Нікіціна падкрэсліла, што ад першай школьнай парты пачынаецца асваенне новага для дзяцей свету.
– Вы сёння такія прыгожыя, што можна залюбавацца. Жадаю быць заўсёды дапытлівымі, прагнымі да ведаў, выхаванымі і радаваць поспехамі сваіх бацькоў, педагогаў, – сказала намеснік старшыні.
Шмат цёплых слоў яна адрасавала педагогам і бацькам школьнікаў.
У гутарцы з журналістамі Анжаліка Нікіціна прызналася, што для яе асабіста 1 верасня - хвалюючы дзень.
– У мяне дачка сёння пайшла ў 10-ы клас. Стараешся, каб гэты дзень запомніўся самымі станоўчымі і яркімі эмоцыямі. Бо ў першую чаргу ацэньваю Дзень ведаў з матчынай пункту гледжання. У мяне 1 верасня звязана са ўспамінамі пра маленькую сельскую школу, дзе я вучылася, дзе было 5-6 чалавек у класах. Безумоўна, сёння значна лепшая матэрыяльна-тэхнічная база ў сучасных школах, але педагогі, як у часы майго дзяцінства, так цяпер, гатовыя ўсяцала аддаваць сябе дзецям. Акрамя ведаў, прывіваюць ім любоў да Радзімы, павагу да старэйшых. Іншымі словамі, робяць усё, каб дзеці выхоўваліся ў лепшых традыцыях патрыятызму, раслі годнымі грамадзянамі сваёй краіны, уносілі ўклад у развіццё і працвітанне дзяржавы.
– Сумна, што навучальны год праляціць, а я развітаюся са школай, разляцяцца хто куды сябры-аднакласнікі. Але, з іншага боку, пачнецца новы этап у жыцці – больш самастойны і не менш адказны. Профіль майго класа – руская мова і матэматыка. Таксама паглыблена вывучаю фізіку – жыццё планую звязаць з IT-сферай, – расказала пра найбліжэйшыя планы адзінаццацікласніца школы № 21 Злата Селятыцкая.
Першакласнік Марк Вольскі марыць стаць вайскоўцам. У школу прыйшоў з жаданнем асвойваць навукі, знайсці новых сяброў.
– Хачу вывучаць гісторыю і матэматыку. Люблю адкрываць усё новае і цікавае. На лінейку прыйшоў з добрым настроем, вывучыў верш, які прачытаў перад усёй школай. Сёння радасны, добры дзень, – падзяліўся эмоцыямі Марк.
Маша Лаўніковіч сёлета ідзе ў 2 «А» клас з асаблівым настроем. Апроч любімых прадметаў – рускай, англійскай моў і матэматыкі – маленькая аршанка мае намер факультатыўна вывучаць інфарматыку.
– А працаваць хачу ўрачом-стаматолагам, – з усёй сур'ёзнасцю сказала Маша. – Мне здаецца, гэта высакародная прафесія. Летнія канікулы правяла выдатна і цяпер з новымі сіламі буду вучыцца.