Анжаліка Нікіціна сустрэлася з калектывам прадпрыемства па вытворчасці пластыкавай тары ў Віцебску

Анжелика Никитина встретилась с коллективом предприятия по производству пластиковой тары в Витебске

Як узмоцніць прамысловы патэнцыял Віцебскай вобласці, на чым будуць зроблены акцэнты ў найбліжэйшы час у частцы развіцця вытворчасцей, нарошчвання аб'ёмаў выпуску прадукцыі і інвестыцый? Пра гэта расказала намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна на сустрэчы з працоўным калектывам прадпрыемства «Альянспласт» – рэзідэнта свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск».

Асобна яна спынілася на адным з ключавых прыярытэтаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку – развіцці рэгіёнаў, а таксама падыходах, якія будуць выкарыстоўвацца для дасягнення пастаўленых задач.

– Вялікая ўвага сёння надаецца развіццю рэгіёнаў. Моцныя рэгіёны – моцная краіна. Бачым, што сёння насельніцтва імкнецца ў буйныя гарады, сталіцу. Наша асноўная задача – развіваць прамысловы патэнцыял Віцебскай вобласці, ствараючы спрыяльныя ўмовы для спецыялістаў і падтрымліваючы маладыя кадры. Для гэтага будзем працаваць сумесна, прыкладаючы максімум намаганняў. Асноўная стаўка робіцца на аграгарадкі, вёскі будучыні, захаванне ў іх кампетэнцый, – абазначыла Анжаліка Нікіціна.

Намеснік старшыні аблвыканкама расказала аб рабоце па паляпшэнні ўмоў жыцця ў сельскай мясцовасці: удасканальваюцца сістэма аховы здароўя, сацыяльная інфраструктура, будуецца жыллё. Арэндныя дамы для прыцягнення і замацавання спецыялістаў будуць узводзіць у раённых цэнтрах, буйных аграгарадках. У малых рэгіёнах працягнуць з'яўляцца новыя прадпрыемствы, якія забяспечаць стварэнне працоўных месцаў.

Анжаліка Нікіціна звярнула ўвагу на неабходнасць прыцягнення інвестыцый для развіцця прамысловасці. Бо павышэнне канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў немагчыма без мадэрнізацыі, росту прадукцыйнасці працы, стварэння працоўных месцаў, што дазваляе нарошчваць аб'ёмы выпускаемай прадукцыі і павышаць узровень заработнай платы. Калі казаць аб мінулай пяцігодцы, то рэгіён прырос па інвестыцыях на 7,6 % у супастаўных умовах.

Прамысловасць сёння фарміруе асноўныя аб'ёмы паступленняў у бюджэт.

– Вы з’яўляецеся адным з флагманаў прамысловасці Віцебскай вобласці, высокатэхналагічнай вытворчасцю – выпускаеце імпартазамяшчальную і арыентаваную на экспарт прадукцыю, – звярнулася да работнікаў прадпрыемства Анжаліка Нікіціна.

Яна дадала, што на суседніх з прадпрыемствам тэрыторыях адкрываюцца новыя вытворчасці, і кампаніі могуць быць карысныя адна адной, у тым ліку ў частцы кааперацыйнага ўзаемадзеяння.

– Сёння мы працягваем развіццё кампаніі, якое ажыццяўляецца на працягу апошніх 30 гадоў. У планах – павышэнне ўзроўню цыфравізацыі, аўтаматызацыі вытворчасці, павелічэнне колькасці робатаў. Будзем ісці ў нагу з часам і запускаць новыя віды прадукцыі, дапамагаць нашым вытворцам харчовых прадуктаў, хімічных прадуктаў, упакоўваць іх і прадаваць, – адзначыў намеснік генеральнага дырэктара па персанале і развіцці Уладзімір Лук'янаў.

Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі перад прадпрыемствам стаіць задача ўтрымаць пазіцыі на расійскім рынку, чаго плануецца дасягнуць шляхам павышэння якасці выпускаемай прадукцыі. У планах на бягучы год таксама пашырыць пералік беларускіх партнёраў і выйсці на новыя рынкі краін СНД і іншых.

Экспарт прадукцыі, імпартазамяшчэнне, інвестыцыйныя праекты, моцныя кампетэнцыі, праграмы падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу. Адкрыты дыялог дазволіў абмеркаваць увесь пералік актуальных пытанняў. Работнікі прадпрыемства цікавіліся планамі па развіцці аэрапорта «Віцебск», транспартнага злучэння і інш.

Анжаліка Нікіціна паведаміла, што падрыхтаваны дэтальны план развіцця аэрапорта. Для яго мадэрнізацыі прадугледжваецца прыцягнуць сродкі з бюджэту Саюзнай дзяржавы.

Абнаўленне музея-сядзібы Іллі Рэпіна «Здраўнёва» стане яшчэ адным праектам, на які рэгіён плануе атрымаць фінансаванне з саюзнага бюджэту. Рэалізаваць абодва маюць намер у найбліжэйшую пяцігодку.

Як адзначыла Анжаліка Нікіціна, па маршрутах Віцебск – Смаленск, Орша – Смаленск неўзабаве будуць хадзіць прамыя цягнікі – гэты праект таксама фінансуецца з бюджэту Саюзнай дзяржавы.

"Віцебскія весці"