Бітва характараў. Больш за 100 юных патрыётаў сабраў абласны этап рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні «Арляня»
09.06.2026
Агляд-конкурс строю і песні, конкурс па кулявой стральбе, зборка аўтамата Калашнікава, ваенная гульня на мясцовасці. Карэспандэнт «ВВ» даведалася, якія выпрабаванні прыйшлося прайсці 14-16-гадовым падлеткам?
120 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі праявілі стойкасць духу, прадэманстравалі зладжаную працу ў камандзе і пацвердзілі званне патрыётаў сваёй краіны.
– Важна з малых гадоў прывіваць маладому пакаленню любоў да Радзімы. Рабяты павінны быць гатовыя ўстаць на абарону Айчыны ў любы момант. «Арляня» з'яўляецца візітнай карткай ваенна-патрыятычнай работы. Гэта мнагабор'е, дзе падлеткі дэманструюць навыкі, наўпрост звязаныя з абаронай Радзімы. Прабуюць свае сілы ў стральбе, страявой падрыхтоўцы, звароце са зброяй, тактычных дзеяннях на мясцовасці. Гэта сапраўдная школа жыцця. У конкурсе прымаюць удзел не толькі хлопцы, але і дзяўчаты з усёй вобласці. Тут яны вучацца браць на сябе адказнасць, давяраць таварышу і прымаць рашэнні за долю секунды. Няздарма пляцоўкай для правядзення мерапрыемства стала тэрыторыя Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа. Установу ўзначальвае камсамолец, сябар і настаўнік моладзі Аляксандр Ласякін. Да таго ж тут самая моцная пярвічная арганізацыя БРСМ, – адзначыла першы сакратар Віцебскага абласнога камітэта БРСМ Жанна Нарыцына.
12 камандам трэба было прайсці 4 этапы спаборніцтваў, якія стартавалі са агляду-конкурсу строю і песні «Кожны з нас у страі!» Журы ацэньвала знешні выгляд, строявую выпраўку, выразнасць выканання каманд і выкананне патрыятычных песень.
– Пры падрыхтоўцы да абласнога этапу акцэнт рабілі на агляд-конкурс строю і песні. Не ўсе былі знаёмыя са страявым крокам, таму спатрэбілася шмат часу, каб адтачыць кожны рух. Перажывалі за камандны конкурс, але ўсё прайшло паспяхова. Для мяне «Арляня» – гэта магчымасць выпрабаваць свае сілы і праявіць сябе, – падкрэсліў удзельнік з Расонскага раёна Мацвей Жукаў.
Далей удзельнікаў чакала выпрабаванне «Спрытны стралок». Конкурс па кулявой стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі патрабаваў ад хлопцаў максімальнай канцэнтрацыі.
– Знаходзячыся на ваенна-палявых зборах, наша каманда трэніравалася збіраць і разбіраць зброю, наведвала заняткі па стральбе. Пасля збораў мы працягнулі падрыхтоўку да конкурсу, таму настроены сёння перамагчы. Хлопцам карысна праходзіць такія выпрабаванні, таму што мы павінны ўмець пастаяць за сябе, сваю сям'ю і Радзіму, – сказаў удзельнік з Оршы Дзмітрый Канавалаў.
Завяршальным выпрабаваннем ваенна-патрыятычнага конкурсу стала ваенізаваная гульня на мясцовасці «Час каманды». Тут правяраліся зладжанасць, навыкі арыентавання на незнаёмай мясцовасці, тактычная падрыхтоўка і ўменне прымаць рашэнні ў экстрэмальнай сітуацыі.
Па выніках абласнога этапу каманда, якая заняла 1-е месца, атрымае права прадставіць Віцебскую вобласць на рэспубліканскім этапе гульні «Арляня», які пройдзе з 14 па 16 чэрвеня.
"Віцебскія весці"