Больш за 1100 га бульбы і 1000 тон цыбулі: планы Талачынскага кансервавага завода на ўраджай у 2026 годзе
Больш за 1100 га бульбы і 1000 тон цыбулі: планы Талачынскага кансервавага завода на ўраджай у 2026 годзе
14.05.2026
На Віцебшчыне пад бульбу адведзена больш за дзве тысячы гектараў, з якіх звыш 1100 га – на землях Талачынскага кансервавага завода.
Прадпрыемства даўно замацавала за сабой статус ключавога гульца на харчовым рынку краіны, працуючы пад канкрэтныя запыты перапрацоўкі.
– У прыярытэце – гатункі для вытворчасці замарожанага паўфабрыката бульбы фры, пад іх мы адвялі 800 гектараў, – распавядае галоўны аграном Таццяна Капранава. – Астатнія плошчы размеркаваны пад насенны матэрыял і харчовыя гатункі для раздробнага гандлю.
Сартавы атлас уражвае: тут і правераны часам беларускі «Скарб», і высокапрадукцыйныя «Каломба», «Нара», «Гала», «Юлія». Але стаўка зроблена на прамысловы «Інаватар». Каб гарантаваць якасць, насенны фонд пастаянна абнаўляюць: нядаўна з Яраслаўля даставілі 100 тон «Інаватара» рэпрадукцыі суперэліты.
У полі працуюць парамі. На сённяшні дзень задзейнічана дзесяць пасадачных агрэгатаў. Працэс максімальна тэхналагічны: камбінаваныя сеялкі АКПК-4 самі фармуюць грабяні, беражліва ўкладваючы клубні ў падрыхтаваную зямлю.
Сярод тых, хто вядзе тэхніку, – сапраўдны ас Уладзімір Ерашоў. За 20 гадоў працы на прадпрыемстве ён дасканала вывучыў тутэйшыя палі.
– Настрой баявы! – усміхаецца Уладзімір. – Сам закладваю разоры, сам жа іх потым буду і прыбіраць. Цяпер важна дапамагчы пачаткоўцам – падказваю, як правільна наладзіць тэхніку, каб агрэгаты не падвялі.
За дзень аграрыі паспяваюць прайсці больш за 30 га. Пры такім тэмпе ўвесь аб'ём работ плануюць завяршыць за тры тыдні.
Сапраўдным прарывам сезона для завода стаў пераход да прамысловага вырошчвання цыбулі-чарнушкі. Калі раней гэта былі пробныя ўчасткі, то сёння пад «слёзную» культуру адвялі 20 гектараў.
Дырэктар Талачынскага кансервавага завода Андрэй Мурашка ўспамінае, што першы цыбульны эксперымент правялі ў 2025 годзе. Тады пасеялі ўсяго 0,6 га. Надвор'е капрызіла, тэрміны зрушыліся, і ўраджай не апраўдаў чаканняў.
– Сёлета вырашылі спрацаваць дакладна па раскладзе, – падкрэслівае кіраўнік. – У далейшым разлічваем паспяхова выконваць дзяржаўны заказ.
Тэхналогія вырошчвання патрабуе ювелірнай дакладнасці. Каб да канца сезона кожная цыбуліна дасягнула запаветных 7 см у дыяметры, у справу ўступіла навука. На палях задзейнічалі спецыяльную сеялку дакладнага высейвання, прадастаўленую Навукова-практычным цэнтрам НАН Беларусі па бульбаводстве і пладаагародніне. Работа пачалася яшчэ восенню з унясення хларыстага калію – для цыбулі надзвычай важны правільны «старт» у глебе. Пры добрым раскладзе гібрыд «Меранта F1» можа даць да 500 цэнтнераў з гектара, што ў суме прынясе заводу каля 1000 тон адборнага прадукту.
Сабраць ураджай – палова справы, важна яго захаваць. Пытанне захоўвання такога аб'ёму цыбулі на прадпрыемстве ўжо вырашана: пад яго адвялі трэцяе бульбасховішча, якое будуецца. Кошт аб'екта каля 26 млн рублёў, а завяршэнне работ намечана на гэта лета.