Больш за 300 адзінак новай тэхнікі паступіць у аграхолдынгі Віцебшчыны да красавіка - паведаміў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Іван Фёдараў
Старшыня камітэта адзначыў, што зараз галоўная задача аграрыяў - гэта падрыхтоўка да вясновых палявых работ. "І ў гэтым напрамку мы актыўна працуем. Закупляем новую тэхніку - да красавіка больш за 300 адзінак паступіць у нашы інтэграцыйныя структуры. Гэта трактары, кормадрабнільнікі, культыватары, плугі і г.д. Вядзём падрыхтоўку тэхнікі, якая ёсць у наяўнасці ў гаспадарках. Распараджэннем аблвыканкама ў рэгіёне створаны спецыялізаваныя кропкі, дзе праводзіцца больш складаны рамонт, а дробны гаспадаркі выконваюць сваімі сіламі на месцах. Насеннем мы забяспечаны пад поўную патрэбу, вядзём назапашванне мінеральных угнаенняў", - распавёў Іван Фёдараў. Ацэньваючы мінулы год, старшыня камітэта падкрэсліў, што для сельскай гаспадаркі Віцебскай вобласці ён быў дастаткова складаным. Але аграрыі рэгіёну, нягледзячы на капрызы прыроды, змаглі дамагчыся добрых вынікаў. "У раслінаводстве не парадавалі збожжавыя і рапс. Віной таму пагодныя ўмовы, у якіх мы праводзілі ўборку. Але мы забяспечылі жывёлагадоўлю кармамі - нарыхтавалі па 29 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву. У нас лепшы паказчык па краіне па лёне - 3,5 т з гектара, адна з самых высокіх у краіне ўраджайнасць агародніны і бульбы. Валавая прадукцыя жывёлагадоўлі па выніках года склала 103,5% да ўзроўню папярэдняга года, пры гэтым у свінагадоўлі дамагліся 129%. Больш, чым у папярэднім годзе, надоілі малака. Трохі не дацягнулі па вырошчванні буйной рагатай жывёлы, але гэта задача нумар адзін на бягучы год", - сказаў Іван Фёдараў. Ён таксама адзначыў, што ў студзені ў вобласці захоўваецца станоўчая дынаміка па валавой вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі - 107% да ўзроўню мінулага года. "Пры гэтым у створаных у рэгіёне інтэграцыйных структурах, на якія мы робім стаўку ў развіцці АПК вобласці, гэты паказчык складае больш за 115%", - адзначыў старшыня камітэта.
Алена Ціханава - БЕЛТА.