Брыфінг: дадатковая лабараторыя па дыягностыцы COVID-19 запрацавала ў Наваполацку

У Наваполацку разгорнута лабараторыя па дыягностыцы COVID-19. Пра гэта паведаміў сёння журналістам на брыфінгу начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі.

Паводле яго слоў, гэта сёмая лабараторыя ў рэгіёне. Яна запрацавала ў канцы мінулага тыдня і зараз набірае абароты. "Думаю, выйдзе на 100-120 даследаванняў у суткі, што дазволіць цалкам абслугоўваць Наваполацк і Полацкі раён. Таксама, магчыма, гэтая лабараторыя возьме на сябе частку працы па бліжэйшых раёнах і разгрузіць дзеючыя ў Віцебску лабараторыі", - сказаў Міхаіл Вішневецкі.

Лабараторнай дыягностыкай каранавіруса ў вобласці займаюцца спецыялісты абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, цэнтра дерматовенералогіі, абласнога радзільнага дома, інфекцыйнай бальніцы, клінікі ВДМУ і перапрафіляваны аддзел вірусалогіі абласной ветлабараторыі. З улікам наваполацкай лабараторыі ўсяго ў суткі па вобласці праводзіцца каля 1,6 тыс. даследаванняў.

Закранаючы сітуацыю з захворвальнасцю ў рэгіёне, Міхаіл Вішневецкі адзначыў: за выхадныя дні назіралася зніжэнне. "Па вобласці паступленне з пнеўманіямі было каля 80 выпадкаў як у суботу, так і ў нядзелю. Сёння, хутчэй за ўсё, яно будзе значнейшым, таму што працуе амбулаторна-паліклінічнае звяно, і пацыенты могуць ісці праз паліклінікі, а не толькі звяртацца ў хуткую дапамогу, - канстатаваў кіраўнік ведамства. - У цэлым сітуацыя кантраляваная. На працягу апошніх двух тыдняў яна застаецца ў межах адных і тых жа лічбаў. Калі казаць пра рэгіёны, то ў Докшыцах спынілася тэндэнцыя да павелічэння. Пацыентаў з пнеўманіямі паступае адзін-два ў суткі. Сёння там на 25% менш пацыентаў у параўнанні з пікавым значэннем, колькасць ложкавага фонду дастатковая і другой хвалі не прадугледжваецца. Стабільная сітуацыя ў Бешанковіцкім, Шумілінскім, Лёзненскім, Пастаўскім раёнах".

Нязначнае паступленне пацыентаў з пнеўманіяй адзначаецца ў Оршы, у цяперашні час медустановы горада спраўляюцца самастойна. Пад такіх хворых там разгорнута больш за 400 ложкаў.

Міхаіл Вішнявецкі таксама звярнуў увагу: у медустановах вобласці знаходзяцца 243 апараты ШВЛ і 144 наркозна-дыхальных апараты, якія таксама маюць функцыю вентыляцыі лёгкіх. Загружанасць ШВЛ цяжкімі пацыентамі, якія маюць пастаянную сутачную патрэбу ў вентыляцыі лёгкіх, складае 17%, з улікам наркозна-дыхальных апаратаў - 10% ад усяго парку дадзенага абсталявання. "Да таго ж у медустановах у нас ёсць яшчэ 1199 кропак кіслароднай падтрымкі і 36 канцэнтратараў кіслароду. Таму па кіслародзе і па апаратах ШВЛ сёння напружання няма наогул", - дадаў начальнік аблздрава.

БЕЛТА.