Віцебская вобласць - адзін з маляўнічых куткоў Еўропы. Па
прыгажосці, унікальнасці фауны і флоры, ад багацця запаведных месцаў цяжка
знайсці ёй роўных. Векавыя хвойныя лясы займаюць 60% усёй лесапакрытай
тэрыторыі. Найбольш высокай лясістасцю адрозніваюцца Расонскі, Полацкі,
Лепельскі, Докшыцкі, Гарадоцкі раёны.
Вобласць размешчана на паўночным усходзе Беларусі ў сярэднім
цячэнні Заходняй Дзвіны і вярхоўях Дняпра. На ўсходзе яна мяжуе са Смаленскай,
на поўначы - з Пскоўскай абласцямі Расійскай Федэрацыі, на паўночным захадзе -
з Латвіяй, на захадзе - з Літвой і Гродзенскай вобласцю, на поўдні - з Мінскай
і Магілёўскай абласцямі Рэспублікі Беларусь.
Працягласць межаў з усходу на захад складае больш за 300 км,
з поўначы на поўдзень - 175 км.