Абласны конкурс лялечных тэатраў і батлеек пройдзе ў Сянно
18.03.2019
У
Сянно 22 сакавіка пройдзе пятае абласное свята-конкурс лялечных тэатраў і
батлеек, паведамілі БЕЛТА ў Сенненскім райвыканкаме.
Штогадовая
тэатральная падзея адбудзецца на сцэне раённага Цэнтра культуры і народнай
творчасці. На працягу ўсяго дня спаборнічаць у сцэнічным майстэрстве будуць
калектывы з 12 раёнаў Віцебскай вобласці агульнай колькасцю больш за 100
чалавек. На свяце яны пакажуць новыя пастаноўкі паводле вядомых народных казак.
Уважлівымі і ўдзячнымі гледачамі традыцыйна стануць школьнікі і выхаванцы
дзіцячых садоў райцэнтра і бліжэйшых населеных пунктаў.
Яшчэ
адна добрая традыцыя свята - дабрачынная акцыя "Падарунак дзецям", у
час якой творчыя калектывы вобласці дораць падарункі для выхаванцаў Сенненскай
школы-інтэрната для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
Арганізатары
мерапрыемства - упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама, Віцебскі абласны
метадычны цэнтр народнай творчасці і Сенненскі райвыканкам.