Альбом \"Сусветная спадчына Францыска Скарыны\" ўдастоены Гран-пры конкурсу кніжнай выстаўкі ў Астане

21.06.2017

 

Альбом \"Сусветная спадчына Францыска Скарыны\" выдавецтва \"Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі\" ўдастоены Гран-пры конкурсу ІІ Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу Eurasian Book Fair 2017, паведаміў дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч.

На ІІ Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы Eurasian Book Fair 2017, якая прайшла 15-18 чэрвеня ў Астане, адбыўся конкурс у шасці намінацыях, і галоўная ўзнагарода гэтага конкурсу прысуджана кнізе-альбому \"Сусветная спадчына Францыска Скарыны\". Кнігам беларускіх выдавецтваў былі прысуджаны дыпломы рознай ступені і ў іншых конкурсных намінацыях, расказаў Уладзімір Андрыевіч. У намінацыі \"Навука і інавацыі\" дыплом І ступені прысуджаны кнізе \"Бренды Беларуси. Машины\", выпушчанай у Год навукі выдавецтвам \"Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі\". У намінацыях \"Лепшае краязнаўчае выданне\" і \"Лепшая вучэбная кніга\" дыпломаў другой ступені ўдастоены кнігі выдавецтва \"Пачатковая школа\" - \"Я - гражданин Республики Беларусь\" і \"Музыка. Учебное пособие для 3-го класса учреждений общего среднего образования с русским языком обучения\". Кнізе гэтага выдавецтва \"Белорусские народные сказки\" прысуджаны дыплом трэцяй ступені ў намінацыі \"Кніга для дзяцей і юнацтва\". 

Энцыклапедычнае выданне \"Большая энциклопедия маленького профессора\" (выдавецтва \"Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі\") таксама ўзнагароджана дыпломам выстаўкі. Спецыяльнага дыплома журы ўдастоена кніга-альбом \"Минск. Проспект Независимости\" (ТДА \"Бяловагруп\"). 

Як адзначыла кіраўнік праекта Eurasian Book Fair Раўшан Турлынава, беларусы чарговы раз здзівілі прадстаўленымі на конкурс кнігамі. Бо і на папярэдняй І Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы кніга-альбом \"Беларусь. Краіна і людзі\" выдавецтва \"Беларуская энцыклапедыя\" была ўдастоена Гран-пры конкурсу. На ІІ Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы Eurasian Book Fair 2017 у Астане было прадстаўлена больш за 10 тыс. кніг з 25 краін свету: Беларусі, Расіі, Кітая, ЗША, Германіі, Польшчы, Турцыі, Ірана, Індыі, Манголіі і іншых дзяржаў. Беларусь прадставіла больш за 300 выданняў, паказаўшы ўвесь спектр літаратуры, якая выдаецца ў краіне, у тым ліку краіназнаўчую, дзіцячую, вучэбную. За дні работы выстаўку наведалі амаль 20 тыс. чалавек.

БЕЛТА.