Аляксандр Лукашэнка: дзякуючы \"Славянскаму базару\" свет пазнаёміўся з Беларуссю
15.07.2016
Дзякуючы \"Славянскаму базару\" свет пазнаёміўся з Беларуссю, яе нацыянальнай культурай, яе гасцінным народам. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 ліпеня на ўрачыстым адкрыцці XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў \"Славянскі базар у Віцебску\".
\"Самае галоўнае, што кожны год фестываль дорыць мільёнам людзей сапраўднае, шчырае, душэўнае свята - свята дружбы, радасці, весялосці, творчасці, якое доўга жыве ў нашых сэрцах. Яно спалучае ў сабе класіку і сучаснасць, павагу да традыцый і свабоду мастацкага пошуку\", - сказаў Прэзідэнт.
Гаворачы аб тым, што за чвэрць стагоддзя даў фестываль Віцебску, Беларусі і ўсяму свету, Аляксандр Лукашэнка адзначыў стварэнне ўнікальнага амфітэатра, у якім былі ўвасоблены самыя смелыя сцэнічныя навацыі. Таксама фестываль адкрыў сотні талентаў, даў пуцёўку ў жыццё масцітым артыстам, маладым выканаўцам і зусім юным дараванням, ператварыў горад Віцебск не толькі ў сучасную культурную сталіцу Беларусі, але і ў фестывальную сталіцу свету са штаб-кватэрай Сусветнай асацыяцыі фестываляў. Заслуга \"Славянскага базару\" і ў прыцягненні ў Беларусь тысяч турыстаў, умацаванні яе станоўчага іміджу, ажыўленні эканомікі. Прэзідэнт адзначыў, што колькасць удзельнікаў фестывалю расце з году ў год, на гэты раз ён стаў пляцоўкай для самавыяўлення таленавітых людзей з 45 краін свету. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што горад на Дзвіне - Віцебск невыпадкова стаў домам для \"Славянскага базару\".
\"Віцебшчына - адзін з унікальных цэнтраў славянскай духоўнасці, дзе існуе доўгая бесперапынная традыцыя культурнага будаўніцтва, творчага стварэння. Яна ідзе каранямі ў часы Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны і прадаўжаецца па гэты дзень, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Тут нараджаліся новыя мастацкія напрамкі і фарміраваліся вядомыя школы майстэрства. Нямала знакамітых дзеячаў культуры родам з Прыдзвінскага краю\".
Прэзідэнт, у прыватнасці, упамянуў такіх дзеячаў культуры і мастацтва, як кампазітар Анатоль Багатыроў, пісьменнікі Міхась Лынькоў, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Пятрусь Броўка, драматург Аляксей Дудараў, мастакі і скульптары Юдаль Пэн, Марк Шагал, Міхаіл Савіцкі, Андрэй Бембель, Заір Азгур. \"Гэта вытокі нашага мастацтва, якім мы ганарымся\", - падкрэсліў беларускі лідар. На завяршэнне свайго выступлення Аляксандр Лукашэнка пажадаў \"Славянскаму базару\" доўгага і паспяховага творчага лёсу і аб\'явіў XXV Міжнародны фестываль мастацтваў адкрытым.
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА.