Аляксандр Лукашэнка: \"Славянскі базар у Віцебску\" ўмацоўвае мір і паразуменне паміж народамі
14.07.2017
Удзел у фестывалі прадстаўнікоў з мноства краін сведчыць не толькі аб яго папулярнасці, але і аб узрастаючым аўтарытэце Беларусі ў супольнасці нацый. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што свята мастацтва і дружбы \"Славянскі базар\" - равеснік суверэннай і незалежнай Беларусі, за гэтыя гады ён стаў сапраўднай жамчужынай міжнароднага фестывальнага руху і візітнай карткай краіны.
\"Тут, у старажытным Віцебску, які негалосна прызнаны нашай культурнай сталіцай, за чвэрць стагоддзя пабывалі творчыя дэлегацыі з сямідзесяці дзвюх дзяржаў. І сёння зноў усе сцягі ў госці да нас. Мы сардэчна прымаем удзельнікаў і паклоннікаў фестывалю, якія прыбылі з Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Гэта красамоўна сведчыць не толькі аб яго папулярнасці, але і аб узрастаючым аўтарытэце Беларусі ў супольнасці нацый\", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ганаровымі гасцямі фестывалю на гэты раз сталі Прэзідэнт Малдовы, Дзяржаўны сакратар Казахстана, кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў шэрага дзяржаў. \"Мастацтва не ведае межаў, яно збліжае народы, родніць душы і сэрцы. Пад летнім віцебскім небам сустракаюцца шматлікія сябры з усіх канцоў зямнога шара. Менавіта дзеля гэтага ўспыхнула і вось ужо больш за чвэрць стагоддзя ззяе зорка \"Славянскага базару\", які ўвабраў у сябе сардэчнасць, дабрыню і найвялікшую гасціннасць беларусаў\", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
\"Гэта сапраўды знакавая з\'ява ў жыцці нашай краіны, нашых славянскіх народаў, у якой выразна адлюстроўваюцца падзеі навейшай гісторыі. Успамінаюцца часы, калі на постсавецкай прасторы разбураліся векавыя ўстоі і людзям было не да мастацтва. Менавіта тады мы пастараліся сабраць разам усе творчыя сілы дзеля агульнай справы - духоўнага адраджэння і прадаўжэння лепшых традыцый, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэту высокую місію ўзяў на сябе наш фестываль. Ён стаў сапраўдным сімвалам яднання мільёнаў людзей добрай волі, таму што служыць высакароднай мэце - ўмацаванню міру і ўзаемаразумення паміж народамі, захаванню культурнай разнастайнасці і падтрымцы талентаў\".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што з набыццём шырокай вядомасці кансалідуючая роля віцебскага форуму ўзрасла яшчэ больш. \"Ён у поўнай меры садзейнічае канструктыўнаму міждзяржаўнаму дыялогу. Любы замежны госць, які пабываў на нашым фестывалі, вяртаецца ў сваю краіну пасланнікам міру\", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што высокі міжнародны статус фестывалю да многага абавязвае Беларусь. \"Ён своеасаблівае люстэрка палітыкі нашай краіны ў сацыяльна-гуманітарнай сферы. Таму на ім прадстаўлена такая разнастайнасць форм і жанраў мастацтва. Узровень канцэртаў, выставак і спектакляў, творчых сустрэч нязменна высокі, - канстатаваў беларускі лідар. - Тут заўсёды пануе атмасфера свабоды творчасці і добразычлівасці, гарантавана аб\'ектыўнае і непрадузятае судзейства. Кожны канкурсант мае магчымасць праявіць талент, прадэманстраваць асаблівасці культуры свайго роднага краю, свайго народа\".
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што і цяперашні фестываль, які праходзіць пад дэвізам \"Зоркі над Беларуссю\", падорыць шмат адкрыццяў, стане для маладых выканаўцаў выдатнай пуцёўкай у жыццё. \"Славянскі базар\" славіцца добрымі традыцыямі. Адна з іх - ушаноўваць артыстаў, чые творчасць і грамадская дзейнасць служаць умацаванню дружбы і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі\", - заўважыў Прэзідэнт.
У час урачыстага адкрыцця фестывалю Кіраўнік дзяржавы ўручыў спецыяльную ўзнагароду \"Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення\" народнай артыстцы Грузіі і Расіі Тамары Гвердцытэлі, а таксама Гран-пры XV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу \"Віцебск-2017\" Марыі Магільнай. Узнагароджанне лаўрэатаў і дыпламантаў конкурсу адбылося раней - днём на гала-канцэрце. Аднак уладальніца Гран-пры была ўдастоена гонару прыняць узнагароду з рук Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што ў будучым дзяўчынка даб\'ецца тых жа вышынь, што і Тамара Гвердцытэлі.
\"Ад душы віншую лаўрэатаў. Калі на такіх падмостках сыходзяцца праслаўленыя куміры і зусім юныя таленты, гэта вельмі кранальна, гэта вельмі сімвалічна. Мы становімся сведкамі пераемнасці яркіх традыцый сцэнічнага майстэрства, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Няхай жа гэта свята заўсёды застаецца эталонам сапраўднай культуры, жыватворнай крыніцай радасці і натхнення\".

Афіцыйны Інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.