Аляксей Грос удастоены Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў \"Славянскага базару\"
19.07.2016
Аляксей Грос стаў уладальнікам Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні \"Віцебск-2016\" на XXV Міжнародным фестывалі мастацтваў \"Славянскі базар у Віцебску\".
Першае месца прысуджана выканаўцу з Казахстана Адаму. Другое падзялілі Элеанора Век\'ё з Італіі і Анна Адабеску з Малдовы. Трэцяе заваявалі Андрыа Гвелісіяні з Грузіі і Анна Цімафей з Ізраіля. Спецыяльнага прыза Прэзідэнта Беларусі \"Славянская надзея\" (за лепшае ўвасабленне ў творах вакальнага мастацтва славянскай тэмы) удастоена канкурсантка з Чэхіі Міхаэла Гемратава.
Прэмія імя Уладзіміра Мулявіна, заснаваная Віцебскім аблвыканкамам, дасталася выканаўцу з Мексікі Хорхе Рамана. Усе ўдзельнікі фіналу ўдастоены звання лаўрэата. Узнагароджанне пераможцаў творчага спаборніцтва адбылося позна вечарам 18 ліпеня на сцэне Летняга амфітэатра ў час канцэрта ўрачыстага закрыцця юбілейнага \"Славянскага базару ў Віцебску\". У канцэрце прынялі ўдзел Валерый Лявонцьеў, Алена Ваенга, Аляксандр Разенбаум, Дзіяна Арбеніна і група \"Начныя снайперы\", арт-група \"Хор Турэцкага\", Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Дзяржаўны ансамбль \"Песняры\", Аляксандр Рыбак і многія іншыя. Нягледзячы на тое што форум урачыста закрыўся, у Віцебску яшчэ два дні будуць праходзіць фестывальныя мерапрыемствы. Так, сёння ў Летнім амфітэатры адбудуцца два канцэрты: Аляксандр Разенбаум прадставіць праграму \"Сябры і песні\" і юбілейная праграма \"Шансон ТБ - 10 гадоў\". Гучным завяршэннем ХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў \"Славянскі базар у Віцебску\" стане канцэрт Дзіяны Арбенінай і групы \"Начныя снайперы\" ў Летнім амфітэатры 20 ліпеня.
Алёна
Ціханава - БЕЛТА.