Дэлегацыя Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі наведае \"Славянскі базар у Віцебску\"
13.07.2016
Дэлегацыя Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі наведае XXV Міжнародны фестываль мастацтваў \"Славянскі базар у Віцебску\", які пройдзе 14-18 ліпеня, паведамілі ў прэс-службе сходу.
14 ліпеня саюзныя парламентарыі прымуць удзел у прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю фестывалю. У гэты ж дзень яны наведаюць урачыстае адкрыццё форуму. 15 ліпеня на \"Славянскім базары ў Віцебску\" адбудзецца Дзень Саюзнай дзяржавы.
\"Мерапрыемства з\'яўляецца традыцыйным для фестывалю з 2003 года, а яго ўдзельнікамі становяцца дзеячы палітыкі і культуры, прадстаўнікі органаў улады Саюзнай дзяржавы, ветэранскіх арганізацый і маладзёжных аб\'яднанняў, - адзначылі ў прэс-службе. - У гэты дзень прадстаўнікамі Парламенцкага сходу і Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы будуць ускладзены вянкі і кветкі да Вечнага агню на плошчы Перамогі. Святочны канцэрт \"Саюзная дзяржава запрашае...\" з удзелам Акадэмічнага ансамбля песні і танца Расійскай арміі імя А.В.Аляксандрава адбудзецца ў Летнім амфітэатры. Для гасцей вечара выступяць Ларыса Доліна, Надзея Бабкіна, Вольга Кармухіна, Анатоль Ярмоленка і ансамбль \"Сябры\", Мікалай Скорыкаў і іншыя. У афіцыйнай частцы мерапрыемства будзе зачытана прывітанне старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, старшыні Дзяржаўнай думы Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Сяргея Нарышкіна\".
Другім традыцыйным мерапрыемствам Дня Саюзнай дзяржавы на \"Славянскім базары\" з\'яўляецца наведванне прадстаўнікамі Парламенцкага сходу дзіцячых дамоў Віцебска. У час візіту дэпутаты азнаёмяцца з умовамі пражывання і правядзення вольнага часу дзяцей, а таксама сустрэнуцца з кіраўніцтвам і выхаванцамі ўстановы. Акрамя таго, парламентарыі плануюць наведаць Віцебскае кадэцкае вучылішча і абмеркаваць з яго кіраўніцтвам удзел кадэтаў у грамадзянска-патрыятычнай змене навучэнцаў Саюзнай дзяржавы. Адбудуцца таксама візіты парламентарыяў у Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж, а затым - на пляцоўку па будаўніцтве самай магутнай гідраэлектрастанцыі Беларусі - Віцебскай ГЭС. 18 ліпеня ў дзень завяршэння XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў \"Славянскі базар у Віцебску\" дэпутаты аб\'явяць імёны і ўручаць прызы пераможцам у намінацыях \"Лепшы выканаўца эстраднай песні ад Рэспублікі Беларусь\" і \"Лепшы выканаўца эстраднай песні ад Расійскай Федэрацыі\" міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні і міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу. Спецыяльныя прызы Парламенцкага сходу прысуджаюцца штогод з 2007 года.
Дэлегацыю саюзных парламентарыяў узначаліць старшыня Камісіі Парламенцкага сходу па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях, член Камітэта Савета Федэрацыі па канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Алена Афанасьева. У яе склад увойдуць таксама старшыня Камісіі Парламенцкага сходу па інфармацыйнай палітыцы, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэй Навумовіч, намеснік старшыні Камісіі Парламенцкага сходу па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Мікалай Казаравец, член Камісіі Парламенцкага сходу па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандр Сягоднік і член Камісіі Парламенцкага сходу па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Уладзімір Васіленка.