Дроны на варце парадку на дарогах: у Віцебску апрабавалі новыя тэхсродкі патрулявання вуліц
17.08.2023
"Новыя тэхнічныя сродкі патрулявання вуліц будуць выкарыстоўвацца, зыходзячы з аналізу найбольш небяспечных участкаў дарог, у месцах, дзе зафіксавана больш за ўсё ДТЗ з траўмамі пасажыраў і вадзіцеляў, у гадзіны пік пры напружанай сітуацыі на дарогах горада. Цяпер у нас ёсць два разведвальныя дроны, якія паднімаюцца на вышыню да 6 км і фіксуюць парушэнні. З дронам працуюць аператар і памочнік аператара, але ў далейшым будзе дастаткова аднаго чалавека. Батарэі хапае на 45 мінут, і калі ўзровень зараду зніжаецца да 15 працэнтаў, лятальны апарат аўтаматычна вяртаецца на базу. Ён прывязаны да пульта кіравання і запамінае пры ўзлёце кропку, дзе пульт знаходзіцца. Наяўнасць такога сучаснага тэхнічнага сродку дысцыплінуе вадзіцеляў, і ў выпадку ДТЗ здымка з яго з'яўляецца бясспрэчным доказам", - расказаў часова выконваючы абавязкі намесніка начальніка ўпраўлення ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама падпалкоўнік Руслан Кароеў.
Ён таксама адзначыў, што ў Віцебску ідзе вучэбна-метадычны збор інспектараў патрульна-паставой службы вобласці, дзе супрацоўнікі назіраюць дрон у дзеянні. Аператары, якія кіруюць беспілотным лятальным апаратам, прайшлі спецыяльнае навучанне. У Мінабароны Беларусі кожны дрон зарэгістраваны. Дзяжурная служба ДАІ папярэдне паведамляе ў ведамства аб рабоце апарата, і там па сігнале GPS сочаць за кожным пад'ёмам апарата ў паветра. "Ёсць планы на пашырэнне парку дронаў, а пакуль мы будзем задзейнічаць існуючыя як у патруляванні вуліц, так і ў навучанні супрацоўнікаў ДПС у раёнах, дзе вопытныя аператары будуць перадаваць калегам веды па кіраванні апаратамі", - дадаў Руслан Кароеў, адзначыўшы, што ў Віцебскай вобласці ДАІ першай з рэгіянальных структур увяла ў свой арсенал беспілотнікі.
У час адпрацоўкі вуліц Віцебска на скрыжаванні праспекта Будаўнікоў і вуліцы Петруся Броўкі дрон перадаў сігналы аб рэзкіх манеўрах некалькіх вадзіцеляў. У выніку пры праверцы аказалася, што двое аўтааматараў - мужчына і жанчына - знаходзіліся за рулём у стане алкагольнага ап'янення.
У Дзяржаўтаінспекцыі паведамілі, што з пачатку года ў Віцебскай вобласці былі затрыманы 249 вадзіцеляў у нецвярозым стане, 549 не мелі права кіраваць транспартным сродкам, зафіксаваны больш як 5 тыс. фактаў няпропуску пешаходаў, амаль усе - на нерэгулюемых пешаходных пераходах. Больш як 6,3 тыс. парушэнняў учынілі пешаходы.
"Новыя тэхнічныя сродкі дапамогуць сачыць за парадкам на дарогах і задзейнічаць меншую колькасць супрацоўнікаў ДПС. Самае галоўнае, што яны будуць служыць для прафілактыкі парушэнняў на вуліцах гарадоў і трасах у сельскай мясцовасці і садзейнічаць бяспецы ўсіх удзельнікаў дарожнага руху", - падкрэсліў Руслан Кароеў.
"БЕЛТА"