Фестываль імя Салярцінскага ў Віцебску ў гэтым годзе будзе прысвечаны 110-годдзю Шастаковіча

24.11.2016

 

XXVIII Міжнародны музычны фестываль імя Івана Салярцінскага пройдзе ў Віцебску 2-13 снежня, паведамілі ў Віцебскай абласной філармоніі.

Прэлюдыяй да фестывалю стане 2 снежня канцэрт выкладчыкаў і навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І.Салярцінскага. Адкрые свята на наступны дзень канцэрт камернай музыкі ў філармоніі, прымеркаваны да 110-годдзя Дзмітрыя Шастаковіча. Яго творчасць арганізатары называюць \"сімвалам музыкі ХХ стагоддзя, з глыбіннай філасофіяй жыцця, трагізмам быцця і вечнасцю ідэй\".

Уся сусветная музычная грамадскасць шырока адзначае круглую дату з дня нараджэння кампазітара рознымі творчымі праектамі. У Беларусі такім стаў канцэрт на радзіме продкаў вялікага кампазітара ў вёсцы Шэметава Мядзельскага раёна 25 верасня. Гэта мерапрыемства стала асновай канцэрта адкрыцця XXVIII Міжнароднага музычнага фестывалю імя І.Салярцінскага. Струнны ансамбль Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі парадуе слухачоў вядомымі творамі кампазітара. Так, у праграме прагучыць струнны квартэт нумар 3, твор 73 - адзін з самых драматычных у гэтым жанры; мініяцюры \"Элегія\" і \"Полька\"; дзве п\'есы для струннага актэта, твор 11 - Прэлюдыя (Adagio) і Скерца (Allegro molto). Фестываль заўсёды радуе аматараў класікі прыездам вядомых выканаўцаў.

Так, 4 снежня ў філармоніі адбудзецца канцэрт фартэпіяннай музыкі госця з Ізраіля, піяніста з сусветнай славай Аляксандра Марковіча. У праграме прагучаць творы Гайдна, Шапэна, Равеля, а таксама фантазіі на тэмы з оперы Чайкоўскага \"Яўген Анегін\" і балета Пракоф\'ева \"Рамэа і Джульета\". Свой канцэрт камернай музыкі \"Музыка руху \"Маладая Польшча\" падрыхтаваў лаўрэат міжнародных конкурсаў мінскі ансамбль салістаў \"Класік-авангард\". Сустрэча з гэтым пастаянным удзельнікам фестывалю чакае публіку 11 лістапада. На наступны вечар сцэну зойме фартэпіяннае трыа з Латвіі Riga MEM з канцэртам камернай музыкі, дзе зноў прагучаць творы Гайдна, Шастаковіча, Мендэльсона. І завершыць фестываль 13 снежня канцэрт фартэпіяннай музыкі. Віцебская публіка зможа атрымаць асалоду ад твораў Бетховена, Шумана, Пракоф\'ева. Традыцыйна фестываль будуць суправаджаць выставачныя мерапрыемствы. 2 снежня ў Арт-прасторы на Талстога, 7 адкрыецца фотавыстаўка \"Бакавы зрок\" Дзмітрыя Шастаковіча, унука вялікага кампазітара, а ў фае другога паверха філармоніі пачне працаваць выстаўка плакатаў студэнтаў кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта - своеасаблівая візуалізацыя музыкі.

Кацярына Князева - БЕЛТА.