Фотапраекцыі шагалаўскага Віцебска пакажуць на выставе да 130-годдзя мастака

06.06.2017

 

Выстава фотапраекцый Віктара Барысенкава \"Як даўно, мой горад любімы, я не бачыў цябе…\" адкрыецца ў Арт-цэнтры Марка Шагала 8 чэрвеня, паведаміла дырэктар Музея Марка Шагала Ірына Воранава. 

Віктар Барысенкаў прысвяціў экспазіцыю 130-годдзю з дня нараджэння Марка Шагала. Гледачы ўбачаць гістарычныя фотарэканструкцыі тых мясцін Віцебска, якія адзначаны ўспамінамі мастака і яго жонкі ў аўтабіяграфічных кнігах \"Маё жыццё\" і \"Запаленыя агні\". \"Віцебск непарыўна звязаны з імем Марка Шагала і вядомы сёння ўсяму свету дзякуючы яму, - расказвае Віктар Барысенкаў. - Радкі \"Як даўно, мой горад любімы, я не бачыў цябе...\" з\'яўляюцца часткай паэтычнага звароту мастака \"Да майго горада Віцебска\", апублікаванага 15 лютага 1944 года ў Нью-Ёрку ў часопісе \"Эйнікайт\" (\"Адзінства\"). Гэта верш у прозе - прызнанне ў любові да роднага горада, своеасаблівае пасланне скрозь час і прастору\". 

Супрацоўнік Віцебскага карданажна-паліграфічнага камбіната \"Пакроўскі\" Віктар Барысенкаў вядомы ў Віцебску як краязнавец і аўтар гістарычных фотарэканструкцый. Ён спалучае вывучэнне віцебскай даўніны, у прыватнасці здымкаў і паштовак, на якіх адлюстраваны горад у пазамінулым і мінулым стагоддзях, фотаздымку сучасных яго краявідаў з тых жа ракурсаў і сумяшчэнне гэтых выяў пры дапамозе камп\'ютарных тэхналогій. У выніку атрымліваецца гістарычная фотарэканструкцыя, або таймераграфія. Работы Віктара Барысенкава як своеасаблівае сумяшчэнне часу і прасторы дапамагаюць паглядзець на стары Віцебск Марка Шагала ў сучасным кантэксце. Фотапраекцыі дапоўнены цытатамі з успамінаў Марка і Бэлы Шагал.

Кацярына Князева - БЕЛТА.