Японская музыка прагучыць на фестывалі \"Званы Сафii\" ў Полацку
07.10.2016
Мерапрыемствы форуму пройдуць з 23 кастрычніка па 27 лістапада, усяго ў Сафійскім саборы адбудзецца 7 канцэртаў. На фестывалі будуць прадстаўлены разнастайныя музычныя жанры, прагучыць класіка і сучасная арганная музыка. Канцэрт урачыстага адкрыцця фестывалю адбудзецца 4 лістапада - у Полацку выступіць беларуская музычная капэла \"Санорус\". А ўверцюрай да фестывалю стане канцэрт літоўскага дуэта Даля Ятаўтайтэ (арган) і Аста Крыкшчунайтэ (сапрана) 23 кастрычніка, а таксама выступленне японскай арганісткі Хірока Іноўэ 30 кастрычніка. \"Хірока Іноўэ - салістка Калінінградскай абласной філармоніі, у Полацк прыедзе ўпершыню і плануе выконваць класіку. Мы не маглі ўпусціць такі выпадак і папрасілі арганістку ўключыць у праграму яшчэ і японскую музыку. Выканаўца адгукнулася на прапанову і абяцала парадаваць нашу публіку нацыянальнымі матывамі\", - расказала Алена Мартынава.
У Полацку чакаюць віртуознага арганіста з Германіі Маціяса Якаба, які ўжо не раз радаваў фестывальную публіку сваімі выступленнямі. Вядомая полацкая арганістка Ксенія Пагарэлая выступіць у дзвюх праграмах: 17 лістапада - з Дзяржаўным камерным аркестрам Беларусі і 20 лістапада - з беларускім флейтыстам Яўгенам Віданавым і расійскай спявачкай Аленай Артамонавай. Яркай фінальнай кропкай цяперашняга свята музыкі ў Полацку стане канцэрт таленавітага польскага арганіста Гедыміна Грубы. \"Наш фестываль любімы не толькі палачанамі, ён мае шматлікіх паклоннікаў у розных гарадах Беларусі, а таксама ў Расіі. Асабліва шмат гасцей было ў мінулым годзе. Мы рады паведаміць аматарам музыкі, што білеты на канцэрты гэтага форуму можна набыць у інтэрнэце\", - падкрэсліла Алена Мартынава.
Алёна Ціханава - БЕЛТА.