Культура васьмі краін будзе прадстаўлена на фестывалі \"Звіняць цымбалы і гармонік\" у Паставах

08.06.2017

 


Культура васьмі краін будзе прадстаўлена 9-11 чэрвеня на ХХ Міжнародным фестывалі народнай музыкі \"Звіняць цымбалы і гармонік\" у Паставах Віцебскай вобласці, паведамілі ў Пастаўскім райвыканкаме.

Удзельнікамі мерапрыемстваў, якія будуць праводзіцца на 11 пляцоўках, стануць каля 400 чалавек. Асноўныя падзеі пройдуць 9 чэрвеня. Менавіта ў гэты дзень адбудзецца конкурс калектываў і індывідуальных выканаўцаў на народных інструментах \"Хто каго?\". \"Непасрэдна ў конкурсе прымуць удзел прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі. Але ў цэлым будзе прадстаўлена культура васьмі краін. Да пералічаных трэба дадаць Польшчу і Германію. Творчы калектыў з Бабруйска прадставіць на фестывалі нямецкую культуру. Адным з ключавых момантаў стане адкрыццё мемарыяльнай дошкі, прысвечанай польскім акцёрам Станіславу Ясюкевічу і Зігмунту Кенстовічу. Таму размова пойдзе і аб польскай культуры, пры гэтым мы чакаем на фестывалі гасцей з Польшчы\", - адзначылі ў райвыканкаме. Праграма будзе насычаная і разнастайная. Будуць арганізаваны канцэрты, забаўляльныя і спартыўныя мерапрыемствы, запланаваны тэатралізаваныя паказы, прэзентацыі, выставы. Дарэчы, адна з іх прымеркавана да Года навукі: экспазіцыя прысвечана вядомым вучоным ураджэнцам Пастаўскага раёна. Не забылі арганізатары і пра моладзь. У Паставах чакаюць шоу-групу \"Маракасы\" (калектыў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў), абяцаюць вогненнае шоу, феерверк і забаўляльную праграму з удзелам лепшых дыджэяў вобласці. Яркім фіналам стане гала-канцэрт удзельнікаў, у якім выступіць і ансамбль салістаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Жыновіча. Гаворачы пра фестываль, народныя інструменты і пра Паставы, нельга не адзначыць, што ў раёне да нашых дзён захавана самабытная традыцыя ігры на дыятанічных цымбалах. Гэтым майстэрствам валодаюць удзельнікі фальклорнага ансамбля \"Паазер\'е\" (заслужаны самадзейны калектыў Беларусі), асвойваць сакрэты ігры нядаўна сталі і выхаванцы аднаго з дзіцячых музычных калектываў раёна. За ўсю гісторыю фестывалю ў творчым спаборніцтве ўдзельнічалі каля 13 тыс. музыкантаў. На форуме выступалі прадстаўнікі больш як 20 краін, у тым ліку Італіі, Грузіі, Венесуэлы.

Алёна Ціханава – БЕЛТА.