Лілія Ананіч: пазыўныя \"Славянскага базару\" - візітная картка Беларусі

14.07.2016

 

Пазыўныя \"Славянскага базару\" - гэта візітная картка Беларусі. Такое меркаванне выказала сёння на адкрыцці Міжнароднага прэс-цэнтра XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў \"Славянскі базар у Віцебску\" міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

\"Пазыўныя \"Славянскага базару\" - гэта візітная картка не толькі Віцебска. Гэта візітная картка нашай краіны. Бо 25 гадоў Рэспубліка Беларусь нясе высокую місію: \"Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення\". Дзякуючы СМІ чытачы, гледачы, слухачы, шматмільённая інтэрнэт-аўдыторыя маюць магчымасць даведацца з першых вуснаў пра галоўнае, яркае, пра тое, чым жыве гэтымі днямі фестывальны Віцебск, наша краіна. Важна, каб прэса ўбачыла настрой віцябчан, Беларусі. Творчы настрой. Самае галоўнае ў гэтым свеце - тварыць дабро\", - адзначыла, вітаючы журналістаў, Лілія Ананіч.

Яна паведаміла, што ў гэтым годзе на форум акрэдытаваны больш за 500 журналістаў з 10 краін свету, уключаючы Беларусь. Такое прадстаўніцтва гарантуе высокі інфармацыйны напал і папулярызацыю культуры. На думку міністра, унікальнасць фестывалю ў яго сутнасці - адкрываць новыя імёны маладых выканаўцаў. \"Дастаткова быць таленавітым, прыехаць на \"Славянскі базар\" - і атрымаць пуцёўку ў новае жыццё. Як прыемна было, калі ў Александрыі Таісія Павалій сказала: \"Дзякуй Беларусі, што вы мяне адкрылі на \"Славянскім базары\". Гэта дарагога варта. Унікальнасць фестывалю і ў тым, што з году ў год пашыраецца геаграфія. Прадстаўнікі блізкіх і далёкіх краін прыязджаюць у Віцебск, каб падзяліцца сваёй творчасцю і ўбачыць нашу беларускую культуру. Мы ў Год культуры святкуем такі знакавы юбілей - 25 гадоў фестывалю - і, вядома, паказваем сваю краіну\", - падкрэсліла Лілія Ананіч. Яна ўручыла некалькі ганаровых грамат Міністэрства інфармацыі па выніках работы на \"Славянскім базары-2015\" карэспандэнтам БЕЛТА, Другога нацыянальнага тэлеканала, рэспубліканскай газеты \"Звязда\" і рэгіянальнай газеты \"Витебские вести\". Міністр праанансавала, што гэта не апошнія ўзнагароды, якія будуць уручаны ў час гэтага форуму.

Кацярына Князева - БЕЛТА.