Лілія Ананіч: СМІ павінны адпавядаць запытам грамадства

04.04.2017

 

СМІ павінны адпавядаць запытам чытачоў, гледачоў, слухачоў і прадастаўляць дакладную інфармацыю. Аб гэтым заявіла журналістам міністр інфармацыі Лілія Ананіч, якая сёння ў Полацку правяла прамую лінію і асабісты прыём грамадзян.

Міністр адзначыла, што ў яе засталося станоўчае ўражанне ад кожнага званка і асабістай размовы з грамадзянамі. \"Былі звароты і па пытаннях работы СМІ, гучала тэма недакладнасці інфармацыі ў інтэрнэце. У нас сфарміравана неабыякавае грамадства. І мы бачым, што прэса павінна адпавядаць запытам чытача, гледача, слухача. І ў аснове гэтых патрабаванняў - дакладная інфармацыя. Праўдзівая інфармацыя служыць стваральным працэсам, - падкрэсліла міністр. - На праблемныя пытанні трэба глыбока глядзець. А калі проста вырываць, выхопліваць факты, то гэта не сапраўдная журналістыка, гэта непрафесійная работа\".

Міністр дала высокую ацэнку полацкім выданням, у прыватнасці адзначыла газету \"Полоцкий вестник\", якая ў гэтым годзе святкуе 100-годдзе. \"Вельмі сімпатычная газета, газета з традыцыямі, з добрым тыражом амаль 10 тыс. Для раённай газеты гэта важка. Значыць, выданне запатрабавана, газета патрэбна. Два разы на тыдзень выходзіць друкаваная версія, і гэта нараўне з інтэрнэт-рэсурсам, які працуе. Гэта добры ўзровень інфармавання насельніцтва\", - сказала Лілія Ананіч. Пад старшынствам міністра сёння прайшло пасяджэнне рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства, які ў пачатку верасня прыме Полацк. На пасяджэнні падрабязна разглядаліся пытанні падрыхтоўкі, удзельнікі пасяджэння выказвалі прапановы, пабывалі на асноўных пляцоўках будучага свята.

Алёна Ціханава - БЕЛТА.