Мазаіка \"Ефрасіння Полацкая\" з 31 тыс. марак упрыгожыць мерапрыемствы Дня пісьменства ў Полацку

16.08.2017

 

Мазаіка \"Ефрасіння Полацкая\", сабраная з 31 тыс. паштовых марак, стане ўпрыгажэннем адной з экспазіцый на святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Полацку, паведамілі ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.

\"На электронны адрас райвыканкама прыйшло пісьмо ад мінскага калекцыянера Віктара Язневіча, які прапанаваў выставіць на свяце, прысвечаным 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, сваю работу - вялікую мазаіку з выявай святой прападобнай Ефрасінні, выкананую з 31 тыс. гашаных паштовых марак. Цяпер мы вызначаемся, дзе менавіта лепш экспанаваць гэта незвычайнае пано. Як варыянт, гэта можа быць будынак паштовага аддзялення або іншай установы, бліжэйшай да зоны ўрачыстасцей\", - адзначылі ў райвыканкаме.

Мазаіка раней ужо экспанавалася, напрыклад, на філатэлістычнай выстаўцы ў Магілёве, прымеркаванай да 750-годдзя горада. Таксама яна была адзначана на міжнароднай філатэлістычнай выстаўцы \"Белфіла-2017\". Экспанат выкананы з прайшоўшых пошту марак галоўным чынам 14-га стандартнага выпуску памерам 4,3 на 3,3 м. Як растлумачыў Віктар Язневіч, ён працуе ў мінскай фірме, якая вядзе шырокую паштовую карэспандэнцыю. \"На канвертах сустракалася шмат марак - шкада было выкідваць. Я гэтыя маркі збіраў і вось прыдумаў, як іх выкарыстаць\", - сказаў аўтар. Мерапрыемствы рэспубліканскага свята Дзень беларускага пісьменства пройдуць у Полацку 1-3 верасня.

Кацярына Князева - БЕЛТА.