Міжнародны фестываль камернай музыкі пройдзе ў Полацку з 28 сакавіка па 27 красавіка

28.03.2017

 

XXX Міжнародны фестываль старажытнай і сучаснай камернай музыкі пройдзе ў Полацку з 28 сакавіка па 27 красавіка, паведамілі ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.

У праграме форуму, які традыцыйна праводзяць у канцэртнай зале Сафійскага сабора, 7 канцэртаў. Чакаюцца выступленні музыкантаў з Беларусі, Германіі, Італіі, Францыі, Аўстрыі, Польшчы і Бразіліі. У час першай канцэртнай праграмы адбудзецца адкрыццё II Дзіцячага фартэпіяннага конкурсу \"Бах і XXI стагоддзе\".

Акрамя гэтага, 28 сакавіка ў канцэртнай зале Сафійскага сабора пройдзе і фартэпіянны канцэрт нямецкай піяністкі Герлінды Ота. Урачыстае адкрыццё юбілейнага фестывалю адбудзецца 4 красавіка: у Полацку выступіць Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі (дырыжор - народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў). У канцэрце творы праслаўленых рускіх кампазітараў Пятра Чайкоўскага і Сяргея Рахманінава. 7 красавіка ў Полацку чакаюць міжнародны калектыў пад назвай Auner Quartett, у складзе якога музыканты з Аўстрыі, Бразіліі, Польшчы і Беларусі. Чацвёрты канцэрт фестывальнай праграмы называецца \"Душа на кончыку смычка\" - музыканты з Беларусі і Францыі выканаюць творы Роберта Шумана, Іаганеса Брамса, Марыса Равеля і інш. 20 красавіка ў Полацку будзе гучаць музыка выдатных італьянцаў Антоніа Вівальдзі і Джавані Пергалезі. У праграме таксама выступленне італьянскага арганіста Эўджэніа Марыя Фаджыяні і камернага аркестра \"Еўропа-Цэнтр\". Пад заслону фестывалю 27 красавіка ў Сафійскім саборы з музыкай эпохі Адраджэння выступіць ансамбль старажытнай музыкі The Playfords з Германіі.

Алёна Ціханава - БЕЛТА.