Прадпрыемства па вытворчасці мармуровага мяса можа з\'явіцца ў Лепельскім раёне

13.07.2016

 

Прадпрыемства па вытворчасці мармуровага мяса можа з\'явіцца ў Лепельскім раёне (Віцебская вобласць). Аб гэтым паведаміў сёння ў Віцебску журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славакіі ў Беларусі Ёзаф Мігаш на палях беларуска-славацкага прадпрымальніцкага форуму \"Інавацыі - шлях да паспяховай інтэграцыі\".

\"Я пабываў у Лепельскім раёне, паглядзеў тыя ўгоддзі, якія прапануе нам беларускі бок для арганізацыі сельгаспрадпрыемства. Там нядрэнная інфраструктура, вельмі добрыя ўмовы - ёсць азёры, пашы. Можна стварыць перспектыўнае прадпрыемства па вытворчасці мармуровага мяса\", - сказаў пасол. Ён адзначыў, што для рэалізацыі намечанага неабходна набыць пародзістых жывёл, прайсці сертыфікацыю і г.д. \"Цяпер трэба падлічыць, колькі спатрэбіцца грошай, адкуль і за якую цану мы можам атрымаць чыстую пароду, якая адпавядала б сучасным трэндам мармуровага мяса. Будзем гаварыць са славацкімі інвестарамі, прапаноўваць ім тут працаваць, пераконваць. Але яны спецыялісты і павінны даць сваю экспертную ацэнку, вызначыць плюсы і мінусы, дапрацаваць праект да рэальнага бізнес-плана, які мы і будзем ажыццяўляць, дзейнічаючы строга па правілах і разліках\", - сказаў дыпламат. Ён падкрэсліў, што разлікі трэба праводзіць грунтоўна, каб створанае прадпрыемства было паспяховым і прыбытковым.

Ёзаф Мігаш адзначыў, што на форуме атрымае працяг і тэма супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі. \"Прыехалі нашы спецыялісты, якія будуць абмяркоўваць тэму будаўніцтва гідраэлектрастанцыі на Заходняй Дзвіне. Яны гатовы да гэтай размовы\", - канстатаваў пасол. Ён падкрэсліў, што ў сучасных эканамічных умовах трэба быць строгім і прагматычным. \"Раскідаць грошы не варта. Нашу славянскую душу трэба дапоўніць нармальным заходнім прагматызмам, і тады ў справе будзе поспех\", - перакананы дыпламат. Субяседнік асабліва падкрэсліў, што супрацоўніцтва і ў сельскай гаспадарцы, і ў энергетыцы пакуль знаходзіцца на папярэднім этапе. Гаварыць аб тым, што пачалася рэалізацыя, можна толькі пасля складання бізнес-плана. Праблемныя пытанні, што ўзнікаюць на шляху рэалізацыі планаў беларуска-славацкага супрацоўніцтва ў Віцебскай вобласці, плануецца абмеркаваць на сустрэчы Ёзафа Мігаша з кіраўніцтвам аблвыканкама, якая запланавана на заўтра. Беларуска-славацкі прадпрымальніцкі форум \"Інавацыі - шлях да паспяховай інтэграцыі\" - адно з мерапрыемстваў Дзён Славакіі, якія пройдуць у Віцебску ў час \"Славянскага базару\".

Сам форум прадоўжыцца да 14 ліпеня і стане пляцоўкай для сустрэч прадстаўнікоў бізнесу і органаў улады Беларусі з замежнымі партнёрамі, асацыяцыямі падтрымкі сярэдняга і малога бізнесу, профільнымі фінансавымі ўстановамі. Праграма ўключае правядзенне семінараў, круглых сталоў па розных напрамках, кантактна-кааперацыйных біржаў і іншае. Удзельнікі змогуць абмеркаваць перспектывы супрацоўніцтва ў сферах энергетыкі, машынабудавання, дрэваапрацоўкі, фармацэўтыкі, сельскай гаспадаркі, лёгкай прамысловасці, турызму і аздараўлення.

Алена Ціханава – БЕЛТА.