Прамысловасць, АПК, медыцына, жыллё. Сергяенка разгледзеў пытанні развіцця Докшыцкага раёна
25.05.2026
Пасяўная кампанія, развіццё АПК і сістэмы аховы здароўя, будаўніцтва жылля, замацаванне кадраў - такія тэмы ў час рабочай паездкі ў Докшыцкі раён абмеркаваў з кіраўніцтвам райвыканкама і працоўнымі калектывамі старшыня Палаты прадстаўнікоў, упаўнаважаны Прэзідэнта па Віцебскай вобласці Ігар Сергяенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ігар Сергяенка прыняў удзел у пасяджэнні райвыканкама, на якім адказныя за розныя напрамкі расказалі аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна за студзень-сакавік. Так, рэнтабельнасць продажаў на 2,7 працэнта перасягнула паказчык аналагічнага перыяду мінулага года. Прыбытак атрымалі амаль усе прадпрыемствы, акрамя некаторых будаўнічых і сельскагаспадарчых. У вобласці Докшыцкі раён займае восьмае месца па ўзроўні сярэднямесячнай зарплаты.
Сярод адстаючых па вытворчых паказчыках аказаліся Бягомльскі лясгас, завод "Ветразь". Кіраўнікі двух прадпрыемстваў расказалі аб прычынах зніжэння тэмпаў вытворчасці і падзяліліся распрацаванай стратэгіяй развіцця, якая павінна палепшыць іх эканоміку. Станоўчыя вынікі паказваюць прадпрыемствы, створаныя па ініцыятыве "Адзін раён - адзін праект", гэта швейная мануфактура і завод па выпуску парфумернай прадукцыі.
Мясцовыя ўлады адзначылі, што ёсць праблемы ў інвестыцыйнай сферы і ў раёне не рэалізуюцца імпартазамяшчальныя праекты. Таксама адзначаецца няхватка прамысловай прадукцыі для патрэб спажыўцоў, пры гэтым грамадзяне аддаюць перавагу пакупкам у інтэрнэце. Да выязнога гандлю актыўна падключылася "Белпошта", і ў вёсцы яна аказвае вялікую дапамогу спажыўкааперацыі.
Адной з перспектыўных галін улады Докшыцкага раёна бачаць турызм. Для гэтага трэба абнавіць гасцінічную інфраструктуру, стымуляваць мясцовых жыхароў да адкрыцця аграсядзіб, глэмпінгаў, у аб'ектах грамадскага харчавання трэба зрабіць акцэнт на ўнікальных стравах краю.
Ігар Сергяенка ўдакладніў, ці ёсць пытанні з будаўніцтвам жылля і забяспечанасцю маладых кадраў арэнднымі кватэрамі. Старшыня райвыканкама Сяргей Абірала падкрэсліў, што ў гэтым годзе плануецца будаўніцтва шматкватэрнага дома, дзе будзе забраніравана жыллё для маладых спецыялістаў, якія маюць у гэтым патрэбу.
Пазней, у час сустрэчы Ігара Сергяенкі з калектывам Докшыцкай цэнтральнай раённай бальніцы, малады спецыяліст, урач - стаматолаг-тэрапеўт Кацярына Лукіна задала пытанне аб перспектывах ільготнага крэдытавання для маладых супрацоўнікаў. "Я працую ў ЦРБ са жніўня мінулага года. Скончыла Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і па размеркаванні трапіла сюды. Мой муж таксама працуе ў райцэнтры, але не ў медыцыне. Я сама з Пінска, і мне падабаюцца Докшыцы, гэта ўтульны горад з неабходнай інфраструктурай. Мне неабходна адпрацаваць дыплом 5 гадоў, якія праляцяць непрыметна. Мы з мужам думаем, ці заставацца тут пасля адпрацоўкі, і для нас пытанне ўласнага жылля будзе рашаючым. Калі ў нас атрымаецца на льготных умовах пабудаваць тут кватэру або дом, мы застанёмся", - расказала карэспандэнту БЕЛТА малады ўрач.
У размове з калектывам ЦРБ Ігар Сергяенка расказаў аб дзейнасці Палаты прадстаўнікоў, у прыватнасці аб заканадаўчым блоку, міжнароднай рабоце і ўзаемадзеянні з насельніцтвам у выбарчых акругах. Медыкі ў фармаце адкрытага дыялогу змаглі задаць упаўнаважанаму Прэзідэнта пытанні, якія іх цікавяць. Так, работнікі ЦРБ пыталіся, ці паднімуць зноў планку пенсійнага ўзросту, ці распрацуюць меры матэрыяльнага стымулявання для маладых урачоў, каб лепш замацаваць іх на месцах. Некаторыя з пытанняў Ігар Сергяенка ўзяў на кантроль і паабяцаў пракансультавацца па іх у галіновых міністэрствах.
Таксама старшыня Палаты прадстаўнікоў пацікавіўся, як ідзе пасяўная. На сённяшні дзень у раёне завяршаецца сяўба яравых культур, застаецца дасеяць кукурузу на сілас.
"Докшыцкі раён дынамічна развіваецца, у першым квартале выканана 10 з 12 даведзеных паказчыкаў, - адзначыў па выніку рабочай паездкі Ігар Сергяенка. - Як і большасць раёнаў Віцебшчыны, Докшыцкі раён з'яўляецца аграрным. Завяршаюцца пасяўныя работы, засталося літаральна 400 га кукурузы на сілас пасеяць. Даволі арганізавана прайшла гэта кампанія".
Таксама ён пабываў на будпляцоўцы, дзе ўзводзяць новы малочнатаварны комплекс каля вёскі Вяцера. Тут з'явяцца два кароўнікі з даільна-малочным блокам, радзільным аддзяленнем і прафілакторый для цялят. Гэты аб'ект плануюць увесці да канца года. "Гэта тая вытворчасць, за якой будучыня і перспектывы развіцця раёна. Плануецца, што ў раёне будуць пабудаваны яшчэ пару такіх малочнатаварных комплексаў", - адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Гаворачы ў цэлым аб развіцці паўночнага рэгіёна, Ігар Сергяенка падкрэсліў, што бачны станоўчыя зрухі і тэндэнцыі да паляпшэння. "У наступным годзе ў Докшыцах пройдуць абласныя "Дажынкі", і гэта таксама надасць імпульс развіццю раёна", - падкрэсліў ён.
Упаўнаважаны Прэзідэнта ў Віцебскай вобласці дадаў, што працэс змяненняў на Віцебшчыне - не хуткі. "Дасягнуць аднамомантнага сур'ёзнага зруху складана. Сёння Віцебшчына паціху пачынае выбірацца з усіх праблем. Стабілізавалася сітуацыя з падзяжом жывёлы. Хацелася бы, каб гэта было не проста тэндэнцыяй, якая намецілася, а сталым падыходам. Ёсць упэўненасць, што Віцебшчына з усімі задачамі, якія паставіў кіраўнік дзяржавы, справіцца дзякуючы ўдарнай працы", - сказаў Ігар Сергяенка.