Прыгажосць Браслаўскіх азёр убачаць наведвальнікі Арт-прасторы ў Віцебску

04.04.2017

 

Выстава фотаработ і карцін, якая пакажа жыццё Браслаўскага раёна, будзе працаваць з 14 красавіка па 14 мая ў залах Арт-прасторы на Талстога, 7 - філіяла музея \"Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва\", паведамілі ва ўпраўленні спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама.

Экспазіцыя накіравана на развіццё ўязнога турызму, а таксама прызначана папулярызаваць адпачынак суайчыннікаў у Беларусі. Свае лепшыя работы прадставяць фотамастакі і майстры з Мінска і Браслава: Юрый Акудовіч, Дзмітрый Бельскі, Антон Варэнік, Таццяна Ермалаева, Юрый Жарко, Віктар Малышчыц і іншыя. Ініцыятарам правядзення выставы стаў гаспадар сядзібы \"У Барысавіча\" Юрый Жарко. Яго аб\'ект другі год запар становіцца дыпламантам рэспубліканскага конкурсу \"Пазнай Беларусь!\" (у 2016 годзе - у намінацыі \"Праект года па развіцці культурнага турызму\"). Ён з\'яўляецца ініцыятарам правядзення культурных праграм, атэставаным экскурсаводам Нацыянальнага агенцтва па турызме. Ім распрацаваны турыстычныя маршруты \"Вялікая гісторыя Малой Зямлі\", \"Браслаўская кругасветка\" і іншыя. \"Аб прыгажосці Браслаўскай зямлі чулі многія, але бывалі ў нас яшчэ не ўсе. Думаю, наша выстава гэта выправіць: некага віртуальна перанясе да берагоў Браслаўскіх азёр, а некага падштурхне змяніць планы і выбраць замест летняга адпачынку каля мора рамантыку роднай зямлі\", - сказаў Юрый Жарко. Куратарам выставы выступае Юрый Іваноў - спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У дзень вернісажу (14 красавіка) уваход свабодны.

Кацярына Князева - БЕЛТА.