\"Славянскі базар\" павінен развівацца за кошт спадарожных праграм - Барыс Святлоў

19.07.2016

 

\"Славянскі базар\" павінен развівацца за кошт спадарожных праграм. Такім меркаваннем падзяліўся міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў з журналістамі на палях XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў \"Славянскі базар у Віцебску\".

Выказваючы сваё меркаванне наконт таго, як павінен развівацца фестываль, міністр адзначыў, што \"Славянскі базар\" - гэта музычнае свята, і яму трэба такім заставацца. Развіццё форуму павінна адбывацца за кошт пашырэння спектра, уключэння новых цікавых элементаў. Барыс Святлоў падзяліўся адной са сваіх ідэй.

\"У Віцебску ствараецца музей гісторыі народнага мастацкага вучылішча, дзе ў пачатку мінулага стагоддзя працавала цэлая плеяда выдатных мастакоў, якая склала ядро сусветнага авангарда. Тут зарадзілася тое, што мы сёння называем дызайнам, - адзначыў Барыс Святлоў. - Добра было б у рамках фестывалю правесці конкурс дызайнераў розных краін, якія маглі б размаляваць глухія фасады віцебскіх будынкаў\". Міністр падкрэсліў, што ў такім напрамку фестываль цалкам можа развівацца, пашыраючы палітру фарбаў. \"Цяпер у \"Славянскага базару\" вялікі тэатральны складнік, могуць быць і іншыя спадарожныя праграмы, якія пашыраць і ўпрыгожаць форум\", - рэзюмаваў Барыс Святлоў.

Алёна Ціханава - БЕЛТА.