Стартаваў продаж білетаў на канцэрты "Славянскага базару" праз сайты білетных аператараў
01.03.2018
Стартаваў продаж білетаў на канцэрты
"Славянскага базару" праз сайты білетных аператараў, паведамілі ў
дырэкцыі фестывалю.
З 26 лютага набыць білеты на канцэрты ў
Летнім амфітэатры стала магчымым на сайтах білетных аператараў kvitki.by і
ticketpro.by для людзей па ўсім свеце. 23-25 лютага продажы вяліся толькі ў
касах Віцебска. Найбольшым попытам у віцябчан і гасцей горада, якія прыбылі ў
абласны цэнтр спецыяльна за білетамі, карысталася цыркавое шоу братоў Запашных
"UFO. Цырк з іншай планеты". У лідарах продажаў білеты на канцэрты
Мікалая Баскава, Алены Ваенгі, Хору Турэцкага і Цімаці, які ўпершыню выступіць
на "Славянскім базары". Запатрабаваны ў гледача юбілейны вечар
кампазітара Аляксандра Марозава, канцэрты ўрачыстага адкрыцця і закрыцця
форуму, "Залаты хіт", конкурс маладых выканаўцаў, дарослы і дзіцячы
музычныя конкурсы, а таксама сольнікі.
Старт другога этапу продажу білетаў
запланаваны на 23 сакавіка. У яго будуць уключаны праекты на розных пляцоўках:
гала-канцэрты "Саюзная дзяржава запрашае...", "Шансон ТБ - усе
зоркі", "Рытмы лета", мерапрыемствы XVI Міжнароднага дзіцячага
музычнага конкурсу "Віцебск-2018" у канцэртнай зале
"Віцебск" і іншыя праекты. З трэцяга этапу будуць запушчаны ў продаж
усе фестывальныя праекты.