Турчын: Віцебская вобласць на працягу некалькіх гадоў абновіцца
06.05.2026
Віцебская вобласць на працягу некалькіх гадоў абновіцца як візуальна, так і ў эканамічным плане. Аб гэтым заявіў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын па выніках нарады кіраўніка дзяржавы з кіраўніцтвам Саўміна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адным з пытанняў нарады быў праект распараджэння аб далучэнні да агракамбіната "Дзяржынскі" Аршанскага мясакансервавага камбіната з яго сыравіннай зонай. Такім чынам знойдзены рэзервы аздараўлення і росту эфектыўнасці аршанскага прадпрыемства, і трэба было абмеркаваць шэраг пытанняў фінансавага характару.
"Фактычна гэта дакумент у развіццё нарады ў Прэзідэнта па Віцебскай вобласці. Гэта адзін з дакументаў, які накіраваны на рэалізацыю даручэнняў Прэзідэнта. Маштабы гэтага праекта пашырыліся літаральна на нарадзе ў Прэзідэнта, - расказаў Аляксандр Турчын. - Я лічу, што рэзультаты ў Віцебскай вобласці ўжо ёсць. І калі мы рэалізуем усе намечаныя планы, я думаю, на працягу некалькіх гадоў Віцебская вобласць абновіцца. Абновіцца як візуальна, так і, самае галоўнае, у эканамічным плане. У мяне асабіста сумненняў у гэтым няма".
Што датычыцца перадачы дадатковых актываў агракамбінату "Дзяржынскі", прэм'ер-міністр адзначыў: "Эфект маштабу ніхто не адмяняў. Маштабаванне бізнесу - гэта нармальны эвалюцыйны працэс. У гэтым ёсць эканамічная логіка".
Ён таксама падкрэсліў, што Беларусь - кампактная дзяржава, і тут не павінна быць ніякай зайздрасці паміж рэгіёнамі. Як, напрыклад, у гэтым выпадку, калі прадпрыемства, якое базіруецца ў Мінскай вобласці, атрымлівае актыў у Віцебскай.
"Мы працуем у адной краіне. Не па-гаспадарску, калі сучаснае прадпрыемства загружана напалову. Для чаго мы ўкладвалі грошы? Каб яно працавала на 50 працэнтаў магутнасці? Адпаведна, няма генерацыі выручкі, прыбытку, не можам абслугоўваць свае абавязацельствы і шэраг наступстваў, якія вынікаюць адсюль. Таму гэта правільнае рашэнне", - сказаў Аляксандр Турчын.
Ён прывёў прыклад, што працаваць без пасрэдніка з буйнымі расійскімі федэральнымі гандлёвымі сеткамі могуць толькі буйныя вытворцы. А дробныя вымушаны звяртацца па дапамогу да трэйдара.
Што датычыцца ў цэлым пытанняў аказання дзяржпадтрымкі ў той ці іншай форме, Аляксандр Турчын адзначыў, што гэта магчыма, але толькі калі на прадпрыемстве да гэтага зрабілі ўсё, што ў іх сілах. У тым ліку аптымізавалі затраты, папрацавалі над сабекоштам выпускаемай прадукцыі. "Тады гэта справядліва. Тое, што заўсёды патрабуе Прэзідэнт", - падкрэсліў ён.
Як расказаў журналістам генеральны дырэктар ААТ "Агракамбінат "Дзяржынскі" Уладзімір Лук'янаў, праект распараджэння, вынесены на нараду ў кіраўніка дзяржавы, не прадугледжвае спісання даўгоў Аршанскага мясакансервавага камбіната. Згодна з дакументам, "правапераемнікам" даўгоў становіцца агракамбінат "Дзяржынскі". "Адзінае, што мы папрасілі ў распараджэнні - крыху павялічыць тэрмін (выплат. - Заўвага БЕЛТА). Справа ў тым, што з 2022 года мы далучылі як мінімум дзесяць розных прадпрыемстваў, і сфарміраваліся пэўныя абавязацельствы ў выглядзе немаленькай сумы. І каб забяспечыць гэтыя абавязацельствы, мы папрасілі Прэзідэнта на год-два павялічыць гэтыя растэрміноўкі. Даўгі як былі, так яны і застаюцца. І мы іх вернем", - запэўніў Уладзімір Лук'янаў.
Пры гэтым асноўны від дзейнасці Аршанскага мясакансервавага камбіната ў выпадку далучэння да агракамбіната не зменіцца. Размова ідзе аб вытворчасці кансервавых вырабаў, якія і далей будуць выпускаць на камбінаце. Разам з тым на прадпрыемстве плануецца мадэрнізацыя, якая дасць магчымасць павялічыць аб'ём прадукцыі. Разглядаецца таксама пытанне вытворчасці кармоў для жывёл на камбінаце.
У той жа час ад брэнда Аршанскага мясакансервавага камбіната адыходзіць не плануюць. "Сам брэнд АМКК мы захоўваем. У іх ёсць свой спажывец, таму і на іх брэнд ёсць запыт", - падкрэсліў Уладзімір Лук'янаў.